Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстасці ў гонар іконы Божай Маці Мар'інагорскай
09 чэрвеня 20189 чэрвеня 2018 года, у суботу 2-й сядміцы пасля Пяцідзесятніцы, у дзень святкавання Мар'інагорскай іконы Божай Маці, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў Бажэственную літургію ў Аляксандра-Неўскім саборы горада Мар'іна Горка Мінскай вобласці.
Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: мітрапаліт Смаленскі і Дарагабужскі Ісідар; архіепіскапы Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан; епіскапы Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, Тураўскі і Мазырскі Леанід, Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, Лідскі і Смаргонскі Парфірый.
Архіпастырам саслужылі: кіраўнік спраў Мінскай Экзархіі архімандрыт Сергій (Брыч); благачынны 1-й Пухавіцкай царкоўнай акругі, настаяцель Аляксандра-Неўскага сабора протаіерэй Аляксандр Цалкоў і духавенства Барысаўскай епархіі.
Урачыстае богаслужэнне наведалі: Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Паўлавіч Гуляка; дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Іосіфавіч Варанецкі; намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Іванавіч Сірэнка; старшыня Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Дзмітрыевіч Ленкавец і іншыя высокапастаўленыя госці.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор Аляксандра-Неўскага сабора горада Мар'іна Горка пад кіраваннем Анастасіі Цалковай.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў іерэй Ігар Цалкоў.
Па заамвоннай малітве Патрыяршы Экзарх, саслужачыя архіпастыры і свяшчэннаслужыцелі здзейснілі слаўленне Прасвятой Багародзіцы.
Пасля адпуста Бажэственнай літургіі з прывітальным словам да мітрапаліта Паўла звярнуўся епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. Уладыка сардэчна падзякаваў Патрыяршаму Экзарху за архіпастырскі візіт і ўручыў яму медаль у гонар іконы Божай Маці Мар'інагорскай.
З прывітальным словам да прысутных у храме звярнуўся мітрапаліт Ісідар. Ён падзякаваў за запрашэнне на ўрачыстае набажэнства і ўручыў епіскапу Веніяміну вобраз Смаленскай іконы Божай Маці. Уладыка Веніямін выказаў словы ўдзячнасці мітрапаліту Ісідару і паднёс яму ў дар вобраз Жыровіцкай іконы Божай Маці.
Патрыяршы Экзарх падзякаваў архіпастырам, якія прыбылі на царкоўную ўрачыстасць. Сумесная малітва і саборнае служэнне епіскапаў і свяшчэннікаў пры вялікім зборы веруючых людзей у прысутнасці прадстаўнікоў дзяржаўнай улады сведчаць аб сапраўдным адзінстве нашага народа ў Царкве Хрыстовай, — адзначыў мітрапаліт Павел і пажадаў, каб гэта аднадумства, згода і малітва працягваліся і ў будучыні.
Уладыка Экзарх павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн, удзяліў вернікам архіпастырскае благаславенне і на малітоўную памяць уручыў усім вернікам абразкі Божай Маці Мар'інагорскай. Імяніннікам было абвешчана мнагалецце, і мітрапаліт Павел уручыў ім прасфоры і кветкі.