Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прыняў удзел у апошнім у 2018 годзе пасяджэнні Свяшчэннага Сінода

28 снежня 2018

top.jpg

28 снежня 2018 года ў зале пасяджэнняў Свяшчэннага Сінода Патрыяршай і Сінадальнай рэзідэнцыі ў Данілавым манастыры ў Маскве пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла адбылося апошняе ў адыходзячым 2018 годзе пасяджэнне Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.

Удзел у пасяджэнні прынялі пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода: мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій; мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір; мітрапаліт Астанайскі і Казахстанскі Аляксандр, кіраўнік Мітрапалічай акругі ў Рэспубліцы Казахстан; мітрапаліт Ташкенцкі і Узбекістанскі Вікенцій, кіраўнік Сярэднеазіяцкай мітрапалічай акругі; мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій, кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі; мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, а таксама часовыя члены Свяшчэннага Сінода: мітрапаліт Барнаульскі і Алтайскі Сергій; епіскап Нарвенскі і Прычудскі Лазар; епіскап Рыбінскі і Данілаўскі Веніямін; епіскап Находкінскі і Праабражэнскі Мікалай.

Адным з цэнтральных пунктаў парадку дня пасяджэння Свяшчэннага Сінода было абмеркаванне сітуацыі на Украіне. Свяшчэнны Сінод у сваёй пастанове ўказаў на «некананічны характар праведзенага ў Кіеве 15 снежня 2018 года так званага Аб'яднальнага сабора ў саставе членаў раскольніцкіх груп пад кіраўніцтвам прадстаўніка Канстанцінопальскага Патрыярха мітрапаліта Гальскага Эмануіла і Прэзідэнта Украіны П. А. Парашэнкі».

Свяшчэнны Сінод расцаніў уступленне ў сілу дыскрымінацыйнага Закона Украіны «Аб унясенні змяненняў у Закон Украіны "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях"», на падставе якога свецкія палітыкі маюць намер дамагацца пазбаўлення Украінскай Праваслаўнай Царквы яе кананічнага і законнага наймення « як грубае парушэнне прынцыпу неўмяшання дзяржавы ва ўнутраныя справы рэлігійных супольнасцей, замацаванага ў Канстытуцыі Украіны». У пастанове Свяшчэннага Сінода звяртаецца ўвага на «супярэчнасць дадзенага закона асноватворным міжнародным дакументам аб абароне правоў і свабод чалавека».

Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы звярнуўся да Прадстаяцеляў і Святшчэнных Сінодаў брацкіх Памесных Праваслаўных Цэркваў з заклікам падтрымаць мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя, епіскапат, духавенства, манахаў і верных дзяцей Украінскай Праваслаўнай Царквы ў сувязі з выпрабаваннямі, якія яны зараз перажываюць, а таксама не прызнаваць супольнасць, заснаваную на так званым «Аб'яднальным саборы» 15 снежня 2018 года ў Кіеве, у якасці аўтакефальнай Памеснай Праваслаўнай Царквы.

Свяшчэнным Сінодам былі створаны два Патрыяршыя экзархаты: у Заходняй Еўропе з цэнтрам у Парыжы і Паўднёва-Усходняй Азіі з цэнтрам у Сінгапуры. Кіраўніком Патрыяршага экзархату ў Заходняй Еўропе з тытулам «Корсунскі і Заходнееўрапейскі» прызначаны епіскап Багародскі Іаан, кіраўніком Патрыяршага экзархату ў Паўднёва-Усходняй Азіі з тытулам «Сінгапурскі і Паўднёва-Усходне-Азіяцкі» — архіепіскап Сонечнагорскі Сергій, з часовым захаваннем за ім пасады кіраўніка адміністрацыйнага Сакратарыята Маскоўскай Патрыярхіі.

Свяшчэнны Сінод таксама адобрыў шэраг дакументаў, у тым ліку журналы Сінода Беларускага Экзархату ад 11 снежня 2018 года.

Заслухаўшы паведамленне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла аб Першасвяціцельскім візіце ў Беларусь, які адбыўся з 13 па 15 кастрычніка гэтага года, члены Свяшчэннага Сінода выказалі падзяку прадстаяцелю Рускай Праваслаўнай Царквы за працу і прынесеную радасць малітоўных зносін архіпастырам, пастырам, манахам і міранам Беларускай Праваслаўнай Царквы. Сінод выказаў падзяку мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за ўвагу і цёплы прыём, аказаныя Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, членам Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы і асобам, якія іх суправаджалі. Таксама было адзначана важнае значэнне сустрэчы Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы, членаў Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы і членаў Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Заслухаўшы прашэнне архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія аб залічэнні яго на спачын у сувязі з дасягненнем 75-годдзя, Свяшчэнны Сінод благаславіў архіепіскапу Феадосію працягнуць кіраванне Полацкай епархіяй.

У ходзе пасяджэння быў разгледжаны шэраг актуальных пытанняў і прыняты рашэнні па ключавых напрамках царкоўнага жыцця.

Журналы пасяджэння Свяшчэннага Сінода ад 28 снежня 2018 года

Патрыярхія.ru / Church.by