Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзначаліў урачыстасці з нагоды 5-годдзя з дня ўтварэння Маладзечанскай епархіі

10 снежня 2019

top.jpg

10 снежня 2019 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, наведаў з архіпастырскім візітам горад Маладзечна, дзе ўзначаліў урачыстасці з нагоды 5-годдзя з дня ўтварэння Маладзечанскай епархіі.

Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся з падзячнага малебна ў крыптавым храме святых Царскіх страстацерпцаў будуемага Успенскага кафедральнага сабора горада Маладзечна. Малебен здзейсніў сакратар Маладзечанскай епархіі протаіерэй Віталь Багданёнак у саслужэнні благачынных епархіі. За набажэнствам маліліся: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній, прадстаўнікі гарадскіх уладаў, запрошаныя госці ўрачыстасцяў і прыхаджане сабора. Па завяршэнні малебна Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі на памяць аб наведванні саборнага храма і ў сувязі з 5-годдзем утварэння епархіі падараваў сабору абраз Ражджаства Хрыстовага. Пасля гэтага ўладыка Экзарх узнёс падзячную малітву і звярнуўся са словамі прывітання і настаўлення да вернікаў. Затым мітрапаліт Павел, епіскапы Павел і Антоній агледзелі верхні храм сабора, дзе зараз завяршаюцца будаўнічыя работы.

У працяг дня архіпастыры наведалі Маладзечанскае епархіяльнае ўпраўленне. Мітрапаліт Павел здзейсніў асвячэнне нядаўна ўладкаванага Епархіяльнага дома.

Далей удзельнікі святочных мерапрыемстваў накіраваліся ў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага. Ля ўваходу ў навучальную ўстанову ўладыку Экзарха і Праасвяшчэнных епіскапаў Веніяміна, Паўла і Антонія сустрэлі: старшыня Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Мікалаевіч Горлаў і дырэктар музычнага каледжа, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Рыгор Сямёнавіч Сарока. Агледзеўшы фотавыставу, прысвечаную пяцігадовай гісторыі Маладзечанскай епархіі, госці каледжа прайшлі ў актавую залу, дзе адбылася афіцыйная частка ўрачыстасцяў.

Напачатку прысутных павітаў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, які шчыра падзякаваў Патрыяршаму Экзарху і ўсім, хто прыбыў на святкаванне 5-годдзя епархіі.

З прывітальным словам да арганізатараў і ўдзельнікаў урачыстасцяў звярнуўся і мітрапаліт Павел, які адзначыў, што Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ў 2014 годзе было прынята мудрае рашэнне аб разузбуйненні Мінскай епархіі. Сёння для кожнага з нас цалкам відавочна, што прынятае рашэнне прынесла багаты плён ва ўладкаванні царкоўнага жыцця, пропаведзі Евангелля, асвеце людзей святлом Хрыстовай ісціны. «Чым больш каранёў у дрэва, тым мацней яно стаіць, так і ў царкоўным жыцці. Чым больш епархій, манастыроў і прыходаў, тым мацней Царква Хрыстова», — адзначыў уладыка Экзарх і пажадаў Маладзечанскай епархіі працвітання, а ўсім прысутным — Божай дапамогі ў стваральнай працы ў славу Царквы і на карысць Айчыны.

Затым слова было дадзена старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву. Юрый Мікалаевіч цёпла павіншаваў усіх са знамянальнай гадавінай, выказаў задавальненне канструктыўным суработніцтвам Маладзечанскай епархіі з раённай адміністрацыяй і ўручыў епіскапу Паўлу Ганаровую грамату райвыканкама.

Завяршыліся ўрачыстасці канцэртам сімфанічнай музыкі.

Church.by 

Фотарэпартаж