Па Магілёве прайшоў 12-кіламетровы хрэсны ход з Жыровіцкай іконай Божай Маці

06 чэрвеня 2018

top.jpg

2 чэрвеня ў Магілёў з Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра прыбыла копія Жыровіцкай іконы Божай Маці.

Сустрэча святыні адбылася на ўездзе ў Магілёў, каля будуемага на Буйніцкім полі храма ў гонар Нараджэння Іаана Прадцечы. Тут магілёўскія свяшчэннікі протаіерэй Мікалай Астапчук, іерэй Аляксій Скоб, іерэй Андрэй Шаварын, дыякан Арцемій Гатальскі, дыякан Дзімітрый Чумакоў, манахі Успенскага Жыровіцкага манастыра і шматлікія паломнікі здзейснілі малебен са спевам акафіста Божай Маці.

Затым адбыўся 12-кіламетровы хрэсны ход з Жыровіцкай іконай па горадзе Магілёву. Прыпынак быў зроблены ў храме Царскіх страстацерпцаў і ўсіх навамучанікаў Царквы Рускай, дзе настаяцелем протаіерэем Сергіем Белавусам быў адслужаны акафіст.

Далей хрэсным ходам ікона была дастаўлена ў Спаса-Праабражэнскі кафедральны сабор, дзе архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній і духавенства епархіі здзейснілі малебен Божай Маці.

3-11 чэрвеня Жыровіцкі абраз Божай Маці будзе даступны для пакланення з 8:00 да 20:00 у Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы горада Магілёва, пасля чаго адбудзецца яго прынясенне ў іншыя гарады Беларусі.

***
Жыровіцкая ікона Божай Маці выразаная на яшмавым камені невялікіх памераў і ўяўляе сабой рэльефную выяву Багародзіцы з дзіцяткам Іісусам, які абдымае Яе за шыю і пяшчотна прытуляецца шчакой да твару Маці. Гэты цудатворны абраз — адзін з самых вядомых беларускіх святынь. На месцы яго знойдзення знаходзіцца Жыровіцкі манастыр. Молячыся перад абразом, вернікі просяць абароны ад пажару ці стыхійнага бедства, вылячэння ад хвароб і немачаў, збавення ад шкодных звычак і звяртаюцца пры сумневах і нерашучасці, калі стаяць перад складаным выбарам.

У 2020 годзе спаўняецца некалькі юбілейных дат, звязаных з гісторыяй цудатворнага абраза: 550-годдзе з'яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці, 500-годдзе з часу яе другога знойдзення і 500-годдзе заснавання Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Магілёўская епархія / Church.by