Па запрашэнню мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна члены моладзевага руху AGIOS Усіхсвяцкага прыхода Мінска здзейснілі паломніцкую паездку ў Маскву

11 кастрычніка 2021

top.jpg

Па запрашэнні мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна, старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, моладзевы рух AGIOS Усіхсвяцкага прыхода сталіцы з 6 па 10 кастрычніка здзейсніў паломніцкую паездку ў Маскву.

Адпраўным пунктам вандроўкі стаў Храм Хрыста Збавіцеля. Тут маладыя людзі пазнаёміліся з гісторыяй і архітэктурай кафедральнага сабора Рускай Праваслаўнай Царквы, а таксама змаглі палюбавацца Масквой з аглядных пляцовак храма.

Затым праваслаўная моладзь Мінска наведала Пакроўскі стаўрапігіяльны манастыр, дзе ўсіх гасцінна сустрэла настаяцельніца манастыра ігумення Феафанія (Міскіна). Кожны змог прыкласціся да мошчаў святой блажэннай Матроны Маскоўскай. Для гасцей таксама правялі экскурсію па абіцелі і музею, дзе маладыя людзі пазнаёміліся з жыццём любімай многімі святой.

Наступны дзень у сталіцы праваслаўнай Расіі пачаўся з наведвання Данілава стаўрапігіяльнага манастыра. Тут паломнікі перанесліся ў часы святога князя Данііла і прасачылі гісторыю развіцця найстарэйшай абіцелі Масквы.

Пасля маладыя людзі адправіліся ў Стрэчанскі стаўрапігіяльны манастыр і Стрэчанскую духоўную акадэмію. Гэта адзін з найважнейшых духоўных цэнтраў Масквы, пабудаваны ў памяць аб цудоўным выратаванні Масквы ад войскаў Тамерлана заступніцтвам Багародзіцы.

Трэці дзень паломніцкай паездкі прыйшоўся на дзень памяці прападобнага Сергія Раданежскага. У гэты дзень шлях ляжаў у Троіца-Сергіеву Лаўру. Тут удзельнікі моладзевага руху прынялі ўдзел у богаслужэнні святому і прыклаліся да яго мошчаў. Пасля чаго адбылася сустрэча з намеснікам манастыра епіскапам Фамой і студэнтамі Маскоўскай духоўнай акадэміі.

Светлым завяршэннем чарговага дня праваслаўнага падарожжа стала начная моладзевая Бажэственная літургія ў Богаяўленскім кафедральным саборы. Узначаліў Літургію настаяцель сабора, епіскап Адзінцоўскі і Краснагорскі Фама. Пасля радаснай сумеснай малітвы прадстаўнікі мінскага моладзевага руху, а таксама розных моладзевых аб'яднанняў Расіі сабраліся ў трапезнай храма. У гутарцы з моладдзю ўладыка нагадаў, што нельга саромецца паказваць сваю прыналежнасць да Царквы, гэта вялікі дар, які трэба асабліва шанаваць.

У завяршэнне свайго паломніцтва ўдзельнікі моладзевага руху AGIOS сталі гасцямі моладзевага аб'яднання «Узыходжанне» пры храме іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць». Маладыя людзі памаліліся за богаслужэннем, якое ўзначаліў мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

Пасля Літургіі госці сустрэліся з уладыкам Іларыёнам і атрымалі магчымасць пагутарыць за кубкам чаю, задаць пытанні, якія іх цікавяць. Пасля чаго кожны атрымаў падарунак ад уладыкі.

Кіраўнік моладзевага руху AGIOS Мікалай Камарчук падзякаваў уладыку Іларыёну за аказаны прыём і за шматгадовае супрацоўніцтва паміж моладзевым аб'яднаннем «Узыходжанне» пры храме іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць», настаяцелем якога з'яўляецца ўладыка і моладзевым рухам AGIOS Усіхсвяцкага прыхода сталіцы. У памяць аб візіце і ў знак падзякі Мікалай Комарчук паднёс падарунак мітрапаліту Іларыёну ад Усіхсвяцкага прыхода.

Church.by