Падпісана праграма супрацоўніцтва паміж Гомельскай епархіяй БПЦ і каледжам-філіялам установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту»

09 красавіка 2021

top.jpg

9 красавіка 2021 года ў Гомелі адбылося падпісанне праграмы супрацоўніцтва паміж Гомельскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы і каледжам-філіялам установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту». У мерапрыемстве ўзялі ўдзел архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан, дырэктар каледжа Сяргей Парошын, прадстаўнікі аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі, навучэнцы каледжа.

Адкрываючы сустрэчу, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан адзначыў: «Маладыя людзі выберуць у далейшым розныя прафесіі, але тое, якую культуру мы сёння закладваем, якое збожжа дабра сеем у юныя душы — гэта кожны панясе ў сваім сэрцы, гэта паўплывае на ўсё наступнае дарослае жыццё. Вельмі хацелася б, каб падпісанне праграмы супрацоўніцтва паміж нашымі структурамі паслужыла вырошчванню ў маладых душах насення дабра, праўды, любові і міласэрнасці».

У сваю чаргу Сяргей Парошын адзначыў, што «Можна быць выдатным чалавекам, высокакваліфікаваным спецыялістам, але калі чалавек не мае ў сабе духоўнага стрыжня, разлічваць на станоўчы вынік не прыходзіцца. І калі мы не будзем звяртаць увагу на духоўна-маральны стан нашай моладзі — ніякія самыя выдатныя ініцыятывы, методыкі, праграмы не дадуць станоўчага выніку».

Пасля падпісання праграмы супрацоўніцтва адбылася дыялогавая пляцоўка навучэнцаў і кіраўніцтва каледжа з уладыкам Стэфанам, падчас якой ішла размова аб месцы маладога чалавека ў царкве і аб моладзевых праектах, якія праводзяцца Гомельскай епархіяй. Архіпастыр распавёў пра Свята-Іаана-Кармянскі жаночы манастыр і святога праведнага Іаана Кармянскага, пра свой шлях да Царквы і сваіх духоўных настаўнікаў.

У 2021 годзе святкуецца 800-годдзе святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Уладыка падзяліўся планамі будаўніцтва ў горадзе Гомелі капліцы ў гонар гэтага святога, якая будзе будавацца ў памяць пра воінаў-вызваліцеляў.

Завяршылася сустрэча агляднай экскурсіяй па дамоваму храму ў гонар Сабора ўсіх Беларускіх Святых пры Гомельскім епархіяльным упраўленні.

Гомельская епархія/Church.by