Падпісана праграма супрацоўніцтва на 5 гадоў паміж Бабруйскай епархіяй БПЦ і Бабруйскім гарвыканкамам

02 студзеня 2021

top.jpg

Падпісана праграма супрацоўніцтва паміж Бабруйскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы і Бабруйскім гарвыканкамам на 2021-2025 гады.

У Бабруйскай епархіі растлумачылі, што бакі дамовіліся аб'яднаць намаганні для духоўна-маральнага выхавання і адукацыі падрастаючага пакалення, духоўнай падтрымкі дзяцей з непаспяховых сем'яў. У рамках праграмы супрацоўніцтва таксама мяркуецца сумеснымі намаганнямі падтрымліваць духоўна і матэрыяльна тых, хто ў гэтым мае патрэбу: шматдзетных, інвалідаў, хворых, маламаёмных, адзінокіх і пажылых людзей, ветэранаў вайны і працы, асоб без пэўнага месца жыхарства і г. д.

У падпісанні праграмы супрацоўніцтва з боку Бабруйскай епархіі прынялі ўдзел: сакратар Бабруйскай епархіі, благачынны Бабруйскай гарадской акругі протаіерэй Сергій Каравінскі, з боку Бабруйскага гарвыканкама — Амялюсік Вікторыя Анатольеўна, намеснік старшыні гарвыканкама.

Праграма супрацоўніцтва распрацавана на прынцыпах узаемнай павагі і неўмяшання ў справы, якія адносяцца да кампетэнцыі бакоў; павагі правоў навучэнцаў на фарміраванне ўласнай пазіцыі ў дачыненні да рэлігіі і правоў бацькоў на выхаванне дзяцей у адпаведнасці з уласным стаўленнем да рэлігіі.

Бабруйская епархія / Сhurch.by