Паэтычны вечар «Стрэчанскія рыфмы» прайшоў у Салігорску
21 лютага 201717 лютага ў Цэнтральнай бібліятэцы горада Салігорска прайшоў паэтычны вечар «Стрэчанскія рыфмы».
Не выпадкова менавіта такая назва была абрана для мерапрыемства. Усе вершы, якія прагучалі на вечары, былі прысвечаны сустрэчы. Сустрэчы не толькі з добрымі людзьмі і вернымі сябрамі. Самая галоўная сустрэча для кожнага праваслаўнага хрысціяніна — сустрэча з Богам. Святлом гэтай радасці і азорана свята Стрэчання Гасподняга.
Адкрылася мерапрыемства пастырскім словам клірыка прыхода храма святой вялікамучаніцы Варвары горада Салігорска іерэя Дзмітрыя Ляўчука.
— Царква дае людзям не толькі прыклад малітвы. Такія творчыя вечары з'яўляюцца станоўчым прыкладам забавы. Царква — гэта не смутак. Гэта радасць аб Хрысце Уваскрэслым, якой мы павінны дзяліцца, — адзначыў святар.
Больш за 40 людзей сабралася ў гэты дзень, каб падзяліцца сваёй творчасцю з аднадумцамі. Сярод гасцей прысутнічалі аўтар 20 кніг паэзіі і прозы, ганаровы грамадзянін Салігорскага раёна Фёдар Гурыновіч, а таксама Ніна Семянавіч і Алена Максімовіч — прадстаўнікі клуба «Лабірынт».
Цяплом сваіх сэрцаў падзяліліся пісьменнікі не толькі па прафесіі, але і па прызванні — медык Алена Пратасеня, якая імкнецца лячыць і справай, і словам, і Марыя Бродская, удзельніца хору сястрыцтва блажэннай Ксеніі Пецярбургскай.
15 лютага — Сусветны дзень праваслаўнай моладзі. Сваё свята ўдзелам у паэтычным вечары адзначылі прадстаўнікі новага пакалення: Ганна Праташчык, Ірына Буяльская, Арцём Багатка, Дыяна Чыгір, Эльвіра Кулага, Анастасія Панасавец.
Гучалі ў гэты вечар і спевы. Вечар стаў дэбютным для новаўтворанага ансамбля «ОРАНТА». У якасці салістаў выступілі Аксана Вароніна і Алеся Кіслюк.
Аляксей Лявонаў, прадстаўнік секцыі гіравога спорту імя святога Фёдара Ушакова, нагадаў у сваім выступе пра павагу да роднай беларускай мовы.
Вядучымі мерапрыемства былі Цімафей Праташчык і Аляксандра Гірэль.
Вялікі ўклад у арганізацыю мерапрыемства ўнёс клірык кафедральнага сабора Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы дыякан Дзімітрый Новікаў, які з'яўляецца не толькі адным з заснавальнікаў секцыі гіравога спорту, але і таленавітым аўтарам вершаў і песень. У фінале айцец Дзімітрый выступіў дуэтам з юнай спявачкай Аляксандрай Гірэль.
Усе ўдзельнікі атрымалі падзячныя лісты. Місіянерскі аддзел прыхода салігорскага кафедральнага сабора падарыў бібліятэцы хрысціянскую літаратуру.
Чытанне вершаў працягнулася за чаяваннем ў выкананні Ксеніі Казловай, жонкі клірыка Пакроўскага храма вёскі Чыжэвічы іерэя Максіма Казлова. Салодкі стол у ўтульнай абстаноўцы завяршыў вечар. Памятным падарункам для кожнага стала Евангелле.