Праваслаўная моладзь наведала Курапаты
23 верасня 2019Моладзевы рух «AGIOS» Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі «Аднаўленне святынь. Крыніцы Беларусі». Ініцыятарам акцыі выступіў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Пачынаючы з красавіка, беларуская моладзь акультурвала тэрыторыю каля ста пяцідзесяці крыніц і ручаёў малой радзімы. У Мінск прыехалі самыя актыўныя падлеткі з усіх абласцей краіны.
На тэрыторыі Дома міласэрнасці побач з крыніцай артэзіянскай вады размешчана скульптурная кампазіцыя «Беларусь Праваслаўная». Побач з ёй гасцей сустракалі старшыня Сінадальнага аддзела па рабоце з моладдзю Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэй Мікалай Шульмін і моладзь парафіі.
Валанцёры акцыі прыехалі на роварах. На чале каманды ехаў настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны. З яго прыездам далучыліся да мерапрыемства дзеці з бліжэйшай пачатковай школы. Так маладзёжная ініцыятыва аб'яднала людзей самых розных узростаў.
Многія з рабят былі ў першы раз ва Усіхсвяцкім прыходзе і з радасцю адгукнуліся на запрашэнне кіраўніка моладзевага руху Мікалая Камарчука прыйсці на сустрэчу ў храм-помнік.
Пасля пасадкі іглічных дрэў удзельнікі акцыі паехалі на роварах у Курапаты. Хлопцы і дзяўчаты ўсклалі кветкі да крыжоў, а протаіерэй Фёдар Поўны звярнуўся да прысутных з пропаведдзю:
— Мне сёння па даручэнню мітрапаліта Паўла даводзіцца ўважліва вывучаць матэрыялы пра Курапаты: яны, не схаваю, нават супярэчлівыя, вельмі супярэчлівыя.
Але хто б ні быў забіты і пахаваны ў гэтым месцы, колькі б ні было знішчана тут людзей — гэта трагічная падзея! Шнар на твары чалавецтва. Шнар ператварае твар стварэння Божага ў звярыны ашчэр, у дэманічны вобраз. У вобраз не канкрэтна Сталіна або Яжова, а страшны чалавечы. І каты, і ахвяры, і я, і вы, і ўсе мы, прадстаўнікі гэтага чалавецтва, увасабляем Божую задуму пра чалавека. А забойства — заўсёды крок супраць Бога.
Хто ахвяры, хто карнікі — ведаць, канешне, важна, але душам загінулых больш патрэбна малітва жывых.
І гэта месца, мне думаецца, зусім не для таго існуе, каб кожны, хто прыйшоў сюды, з пляча асудзіў той ці іншы рэжым, не.
Дастаткова зразумець, што сярод расстраляных былі як нявінныя ахвяры, так і рэальныя злачынцы і нават здраднікі. У кожнай гістарычнай падзеі перамяшаныя дабро і зло, вялікае і нікчэмнае.
Пра гэта мы не можам сказаць адназначна: гэта дрэнна, а гэта добра. Разблытаць клубок супярэчнасцяў нам не па сілах, для гэтага ёсць Бог, толькі яго суд сапраўдны, наш жа заўсёды прадузяты.
Але мы ў сілах памаліцца і папрасіць вышэйшы суд паклапаціцца пра душы забітых. Не трэба думаць, што смерць невінаватых — прамы білет у рай, не заўсёды так. Мы можам памаліцца, каб гэтыя душы здабылі супакой і радасць вечнага існавання Бога, калі яны вартыя Яго.
Наша малітва за памерлых — сведчанне любові, імкненне ўсведамляць памылкі мінулага і ўрокі гісторыі, якімі б горкімі яны ні былі.