Праваслаўныя педагогі Гомеля наведалі Магілёў для абмену вопытам асветніцкай працы

21 красавіка 2021

top.jpg

18 красавіка 2021 года горад Магілёў наведала група педагогаў нядзельных школ і педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада Гомеля, якія вядуць факультатыўныя заняткі «Асновы праваслаўнай культуры».

У горадзе на Дняпры гомельскія настаўнікі прынялі ўдзел у семінары «Актуальныя аспекты арганізацыі ўзаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы і ўстаноў адукацыі», арганізаваным для абмену вопытам працы па духоўна-маральнаму выхаванню моладзі аддзеламі рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Магілёўскай і Гомельскай епархій.

Пачаўся семінар у духоўна-асветніцкім цэнтры імя свяціцеля Георгія (Каніскага). Супрацоўнік цэнтра Ларыса Рабава распавяла аб формах і метадах узаемадзеяння з установамі адукацыі, а таксама актуальных праектах цэнтра.

Каардынатар Аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі Наталля Басавец падкрэсліла, што супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з Праваслаўнай Царквой дапамагае выхоўваць моладзь як духоўна-маральна, так і ў духу патрыятызму — дае моладзі адчуць сваю прыналежнасць да тысячагадовай гісторыі Радзімы, дакрануцца да нашых святыняў. Царква здолела зберагчы многія сведчанні багатай гісторыі народа, бясцэнныя культурныя скарбы. Летапісы, пропаведзі Беларускіх святых, храмавае дойлідства і іканапіс — усё гэта дазваляе адчуць сваё дачыненне да шматвяковай гісторыі, усвядоміць сябе беларусам.

Удзельнікі семінара наведалі Свята-Нікольскі жаночы манастыр горада Магілёва, дзе загадчыца манастырскай нядзельнай школай інакіня Ніка пазнаёміла гамяльчан з манастыром і падзялілася вопытам работы па фарміраванню і развіццю спрыяльных умоў для духоўнай асветы дзяцей. Яна звярнула ўвагу на тое, што сёння неабходна шукаць спосабы рэальнага дастасавання хрысціянскага вучэння да паўсядзённага жыцця дзяцей, шукаць эфектыўныя формы супрацоўніцтва нядзельнай школы і сем'яў выхаванцаў, а таксама павышаць псіхолага-педагагічную кампетэнтнасць бацькоў.

Напрыканцы свайго знаходжання ў Магілёве гомельскія педагогі наведалі выставачны праект Магілёўскай епархіі «Царская Сям'я. Узыходжанне». Кіраўнік праекта Ілья Сідаровіч правёў кіналекторый і аглядную экскурсію па выставе, прысвечанай жыццю, служэнню і духоўнаму шляху сям'і імператара Мікалая II, а таксама распавёў пра асветніцкую, выхаваўчую, культурную і сацыяльную працу, якая праводзіцца ў рамках гэтага выставачнага праекта.

Магілёўская епархія/Church.by