Старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Рускай Праваслаўнай Царквы наведаў Салігорск

17 ліпеня 2017

top.jpg

15 ліпеня 2017 года, напярэдадні Нядзелі 6-ай пасля Пяцідзесятніцы, епіскап Любярэцкі Серафім, вікарый Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, і епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній здзейснілі ўсяночнае трыванне ў крыптавым храме Нараджэння пачэснага слаўнага Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана кафедральнага сабора Ражджаства Хрыстовага ў горадзе Салігорску.

Епіскап Серафім, які нясе послух старшыні Сінадальнага аддзела па справах моладзі Рускай Праваслаўнай Царквы, прыбыў у Беларусь для ўдзелу ў летнім злёце моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Злёт праходзіць з 14 па 16 ліпеня на базе лагера «Святая Русь» пры прыходзе храма Святой Жыццепачатнай Троіцы аграгарадка Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна. Моладзевая сустрэча арганізавана па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Сінадальным аддзелам па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы пры падтрымцы аддзела па справах моладзі Слуцкай епархіі.

Архіпастырам саслужылі: настаяцель прыхода кафедральнага сабора Ражджаства Хрыстовага ў горадзе Салігорску, протаіерэй Рыгор Бяляцкі; старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель прыхода храма Святога Духа ў пасёлку Гатава Мінскага раёна протаіерэй Іаан Задарожын і клірыкі кафедральнага сабора.

Богаслужэбныя спевы выканаў саборны хор пад кіраўніцтвам Наталлі Бяляцкай.

Падчас богаслужэння епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній прывітаў епіскапа Любярэцкага Серафіма ад імя кліру і багалюбівых міран Слуцкай епархіі, падзякаваў высокаму госцю за сумесную малітву, а таксама выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва з мэтай развіцця моладзевага служэння ў Царкве.

Епіскап Серафім падзякаваў уладыку Антонію за цёплыя словы прывітання, перадаў усім вернікам благаславенне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, падкрэсліў вечную важнасць моладзевай місіі Праваслаўнай Царквы, а таксама адзначыў, што веліч салігорскага кафедральнага сабора Ражджства Хрыстовага кажа пра веліч душы салігорцаў, якія ўзвялі гэты храм.

Па завяршэнні ўсяночнага трывання ўладыка Серафім наведаў Пакроўскі храм у вёсцы Чыжэвічы — паўночным прыгарадзе Салігорска. Пабудаваны ў 1795-1808 гадах, гэты храм з'яўляецца найстаражытным з тых, што захаваліся ў Салігорскім раёне. У 1913-1934 гадах настаяцелем Пакроўскага храма быў свяшчэннамучанік Іаан Панкратовіч, 80-годдзе з дня смерці якога адзначаецца ў гэтым годзе.

У Пакроўскім храме епіскапа Серафіма вітаў настаяцель протаіерэй Мікалай Лабынько, сакратар Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення.

Епіскап Серафім азнаёміўся з экспазіцыяй Царкоўна-гістарычнага музея Слуцкай епархіі, размешчанага на базе Духоўна-адукацыйнага цэнтра Пакроўскага прыхода. Музей быў адкрыты ў 2015 годзе. Сярод экспанатаў яго калекцыі — старадрукі, богаслужбовае начынне, антымінсы, самыя старажытныя з якіх датуюцца XVIII стагоддзем. Асобныя экспанаты, перададзеныя ў музей з храмаў Слуцкага благачыння, разбураных у гады ганенняў.

Слуцкая епархія / Church.by