Старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі протаіерэй Фёдар Поўны наведаў Гомельскую епархію

14 мая 2021

top.jpg

13 мая 2021 года адбыўся рабочы візіт старшыні Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэя Фёдара Поўнага ў Гомельскую епархію. У сценах Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі протаіерэй Фёдар сустрэўся з кіраўнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, адміністрацый раёнаў горада Гомеля і Гомельскага раёна, дырэктарамі ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі абласнога цэнтра. Удзел у сустрэчы прынялі архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан і начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Клачкова.

У сваім выступленні протаіерэй Фёдар Поўны падзяліўся планамі супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства адукацыі ў сферы духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення. Ён распавёў, што вядзецца праца над стварэннем праграмы факультатыва, у аснову якога ляжа досвед працы рэспубліканскіх інавацыйных пляцовак. Факультатыў будзе разлічаны не на класы, а курсы. Такі падыход арыентаваны на паступовасць і пераемнасць. «Падача матэрыялу плануецца ў новым фармаце: без канкрэтных лічбаў і дат, але з максімумам разважанняў на розныя тэмы», — адзначыў протаіерэй Фёдар Поўны.

Сустрэча працягнулася ў Гомельскім епархіяльным упраўленні. Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан пазнаёміў протаіерэя Фёдара з дамовым храмам у гонар Усіх Беларускіх Святых, працай рэстаўрацыйнай майстэрні і структурнымі падраздзяленнямі епархіі.

Далей адбыўся круглы стол, удзел у якім прынялі епіскап Светлагорскі Амвросій, вікарый Гомельскай епархіі, старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі протаіерэй Арцемій Крывіцкі, старшыня моладзевага аддзела протаірэй Дзмітрый Мельнікаў, старшыня інфармацыйнага аддзела протаірэй Алег Кастрама, рэктар епархіяльных біблейска-багаслоўскіх курсаў, галоўны рэдактар праваслаўнага часопіса «Стрэчанне» протаіерэй Вадзім Качан і каардынатары структурных аддзелаў. Падчас сустрэчы протаіерэй Фёдар Поўны азнаёміўся з працай, якая праводзіцца Гомельскай епархіяй па розных напрамках.

Завяршылася рабочая паездка старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі зносінамі са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Гомельская епархія/Church.by