Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і МУС абмеркавалі праграму супрацоўніцтва
18 кастрычніка 201817 кастрычніка 2018 года ў зале Афіцэрскага сходу вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
На абмеркаванне была вынесена тэма «Аб ходзе выканання праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой».
У Прэзідыуме сходу прысутнічалі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, старшыня Каардынацыйнага савета Леанід Паўлавіч Гуляка; епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы; генерал-маёр міліцыі Барсукоў Аляксандр Пятровіч, намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі ведамстваў ідэалагічнай работы Міністэрства ўнутраных спраў, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, прадстаўнікі епархіяльных аддзелаў Беларускага Экзархату па ўзаемадзеянню з узброенымі сіламі і турэмнаму служэнню.
Вітаючы прысутных, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Паўлавіч Гуляка нагадаў, што ў 2003 годзе было заключана агульнае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой. З таго часу пагадненні аб супрацоўніцтве з царквой заключылі 16 міністэрстваў і ведамстваў, Нацыянальная акадэмія навук, Саюз пісьменнікаў, Мінскі гарадскі і ўсе абласныя выканаўчыя камітэты. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў выказаў задавальненне бягучым ходам супрацоўніцтва і пажадаў удзельнікам пасяджэння плённай працы.
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел у сваім прывітальным слове адзначыў, што ў рамках рэалізацыі падпісаных пагадненняў і праграм праводзіцца актыўная сумесная праца Царквы і дзяржавы наогул і Міністэрства ўнутраных спраў у прыватнасці. Уладыка Павел выказаў кіраўніцтву і супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў глыбокую і шчырую падзяку за іх дбайнае служэнне Айчыне і беларускаму народу, якое не засталося незаўважаным падчас нядаўняга візіту Свяцейшага Патрыярха. Патрыяршы Экзарх нагадаў, што Свяцейшы ўладыка атрымаў самыя ўцешныя ўражанні ад міру, спакою і парадку, якія пануюць у беларускім грамадстве. Гэтымі ўражаннямі Яго Свяцейшасць падзяліўся з Кіраўніком дзяржавы на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці. «Безумоўна, Міністэрству ўнутраных спраў належыць велізарная заслуга ў гарантаванні грамадскай стабільнасці і бяспекі законапаслухмяных жыхароў нашай краіны» — падкрэсліў Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Генерал-маёр Барсукоў А. П. ва ўступным слове адзначыў, што плённасць супрацоўніцтва органаў правапарадку з БПЦ пацвярджаюць работнікі адпаведных напрамкаў на месцах.
Даклад «Аб ходзе выканання праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой» агучыў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, палкоўнік міліцыі Аўчыннікаў Дзмітрый Пятровіч. Ён у прыватнасці адзначыў, што МУС было адным з першых міністэрстваў, якое заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой яшчэ 28.05.1998. Пагадненне з улікам прапаноў абодвух бакоў было дапоўнена і абноўлена ў 2014 годзе. Практыкуюцца розныя формы супрацоўніцтва: асветніцкія гутаркі з асабовым саставам, сумесныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да урачыстых і трагічных дат, правядзенне семінараў, розныя акцыі патрыятычнай скіраванасці. Своеасаблівай формай супрацоўніцтва стала геральдыка розных ведамстваў МУС: так на значку інспекцыі па справах непаўналетніх намалявана Дзева Марыя і Немаўлём, на значку Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй — архангел Міхаіл, які адольвае дракона.
Садаклад «Узаемадзеянне ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь з Беларускай Праваслаўнай Царквой» зачытаў палкоўнік Белякоў Алег Мікалаевіч, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
У садакладзе «Узаемадзеянне ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС Рэспублікі Беларусь з Беларускай Праваслаўнай Царквой» палкоўніка ўнутранай службы Кралько Аляксандра Паўлавіча, намесніка начальніка ўпраўлення па арганізацыі папраўчага працэсу Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, было адзначана, што пачатак узаемадзеянню Беларускай Праваслаўнай Царквы і Дэпартамента выканання пакаранняў быў пакладзены пагадненнем ад 5.08.1999. Адной з нетрывіяльных формаў супрацоўніцтва з Царквой стала арганізацыя Віцебскай духоўнай семінарыяй 2-гадавых навучальных курсаў сярод зняволеных. Такі фармат турэмнага служэння Царквы носіць не толькі асветніцкі характар, але і спрыяе сацыялізацыі зняволеных па меры іх вызвалення з месцаў пазбаўлення волі.
Протаіерэй Сергій Лабада, кіраўнік епархіяльнага аддзела па ўзаемадзеянню з Узброенымі Сіламі і іншымі воінскімі фарміраваннямі Рэспублікі Беларусь Магілёўскай епархіі, настаяцель прыхода храма Уздзвіжання Крыжа Гасподняга горада Магілёва, выступіў з паведамленнем «Супрацоўніцтва вайскоўцаў унутраных войскаў і прыходаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ў рэгіёнах».
Протаіерэй Віктар Ледаховіч, настаяцель прыхода храма ў гонар мучаніка Іаана Воіна, вайсковай часці 3310 унутраных войскаў распавёў аб вопыце арганізацыі нядзельнай школы для ваяроў у прэзентацыі «20 гадоў праваслаўнаму храму на тэрыторыі вайсковай часткі — практыка служэння».
Тэмай выступлення протаіерэя Аляксандра Яцкевіча, настаяцеля прыхода храма вялікамучаніка і ацаляльніка Панцеляімана стала «Духоўнае акармленне вайскоўцаў вайсковай часткі 3214 «Спецназ» і факультэта ўнутраных войскаў установы адукацыі «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь» прыходам велікамучаніка і ацаляльніка Панцеляімана ў Мінску».
Пасля кароткай дыскусіі, падчас якой выказваліся меркаванні і прапановы аб далейшых кроках і мерах па паляпшэнню сумеснай працы, адбылося падвядзенне вынікаў пасяджэння. Бакі выказалі надзею на тое, што далейшае супрацоўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і Беларускай Праваслаўнай Царквы паслужыць агульнай карысці грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама ўзгаднілі і прынялі выніковы праект рашэння пасяджэння Каардынацыйнага савета:
1. Ухваліць і рэкамендаваць вопыт работы па ўзаемадзеянню і супрацоўніцтву Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы для выкарыстання ўсімі суб'ектамі ўзаемадзеяння Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
2. Стварыць сумесную рабочую групу з ліку прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы для прапрацоўкі пытання аб падрыхтоўцы новай праграмы супрацоўніцтва Міністэрства і Царквы з улікам напрацаванай станоўчай практыкі правядзення сумесных мерапрыемстваў, а таксама ўнясення актуальных змяненняў у Пагадненні аб супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы, унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.
3. У адпаведнасці з артыкулам 25 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» працягнуць практыку правядзення святарамі Беларускай Праваслаўнай Царквы рэлігійных мерапрыемстваў на тэрыторыі воінскіх часцей і ў падраздзяленнях Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, што не маюць культавых пабудоў, якія функцыянуюць.
4. Выдаць даклады і садаклады выступоўцаў у выглядзе зборніка матэрыялаў Каардынацыйнага савета для наступнага распаўсюджвання.
Пасля пасяджэння для ўдзельнікаў форуму камандзірам в/ч 3214 палкоўнікам Дудкіным Андрэем Аляксеевічам была праведзена экскурсія па ваеннай частцы. Госці азнаёміліся з дзейнасцю, службай, побытам вайскоўцаў, ім былі прадэманстраваны ўзоры ўзбраенняў і тэхнікі, якія выкарыстоўваюцца для аховы правапарадку. Пра храм велікамучаніка і ацаляльніка Панцеляімана і яго дзейнасць на тэрыторыі часткі распавёў протаіерэй Аляксандр Яцкевіч, настаяцель парафіі. У заключэнне вайскоўцы для удзельнікаў Каардынацыйнага савета паказалі сваё майстэрскае валоданне зброяй на пляц-канцэрце.