Прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы прымаюць удзел у дыялогу па праблематыцы хатняга гвалту ў Беларусі
28 сакавіка 201926 сакавіка ў Мінску прайшоў круглы стол па пытаннях аказання дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Сустрэча для абмену вопытам у галіне практычных механізмаў аказання дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту, а таксама аднаўлення дыялогу па ўдасканаленню нарматыўна-прававой базы была арганізавана пры падтрымцы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Рэспубліцы Беларусь.
Паводле звестак МУС, штогод у органы ўнутраных спраў паступае каля 120 000 зваротаў аб выпадках гвалту ў сям'і. Так, у 2018 годзе колькасць грамадзян, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за насілле ў сям'і, склала каля 50 тысяч. Распачата 2586 крымінальных спраў. Ад рук сваіх блізкіх загінуў 91 чалавек.
У рамках круглага стала быў абмеркаваны крытычны блок пытанняў, сярод якіх актуальнасць праблематыкі, прававыя асновы процідзеяння хатняму гвалту, механізмы рэагавання на сітуацыю ў рамках міжведамаснага ўзаемадзеяння, вопыт працы Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Па завяршэнні круглага стала ўдзельнікі прыйшлі да наступнага:
Прадстаўнікі і эксперты рэлігійных арганізацый аднадушна пацвердзілі глыбокую заклапочанасць праблемай і дынамікай росту выпадкаў гвалту, прадстаўленай МУС, і выказалі гатоўнасць да дыялогу як па тэарэтычных пытаннях, так і па практычных аспектах арганізацыі сумесных намаганняў, у першую чаргу па прафілактыцы, а таксама па рэагаванню на выпадкі хатняга гвалту. БПЦ і РКЦ гатовыя даць канструктыўныя, прапрацаваныя і абгрунтаваныя прапановы па паляпшэнню супрацоўніцтва ў галіне процідзеяння хатняму гвалту.
У сваю чаргу, прадстаўнікі дзяржаўных органаў адзначылі важнасць удзелу рэлігійных арганізацый у працы па папярэджанню хатняга гвалту, выказалі гатоўнасць да абмеркавання такіх прапаноў і ініцыятыў, падкрэсліўшы неабходнасць прымянення прафесійнага падыходу і папярэдняга абмеркавання з зацікаўленымі бакамі. Чакаецца, што Праваслаўная і Рымска-каталіцкая Цэрквы прапануюць фармат такіх прапаноў і сумесная праца будзе працягнута.