Прадстаўнікі праваслаўнай моладзі з Беларусі і ЗША сустрэліся за круглым сталом

23 мая 2018

top.jpg

У нядзельны дзень 20 мая 2018 года ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі адбыўся круглы стол «Захаванне Праваслаўя ў сучасным свеце».

За круглым сталом сустрэліся маладыя праваслаўныя мінчане і іх аднагодкі з ЗША. Амерыканскую дэлегацыю ўзначаліў намеснік старшыні моладзевага Сінадальнага аддзела Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Андрэй Сомер.

Напярэдадні госці даставілі ў беларускую сталіцу са Знаменскага Сінадальнага сабора Нью-Ёрка каўчэг з правіцай прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы і часціцай мошчаў прападобнамучаніцы інакіні Варвары. Урачыстую сустрэчу святыні ў Свята-Духавым кафедральным саборы ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Прадстаўляючы гасцей, старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Іаан Задарожын нагадаў пра веліч подзвігу святых Лізаветы і Варвары. Ва ўмовах рэвалюцыйных узрушэнняў, братазабойчай смуты, крушэння традыцыйных асноў жыцця грамадства святыя падзвіжніцы засталіся верныя свайму пакліканню, служылі Богу і бліжнім і тварылі справы міласэрнасці ў імя Хрыста, падкрэсліў айцец Іаан.

З дакладам пра асаблівасці праваслаўнай моладзевай місіі ў ЗША выступіў протаіерэй Андрэй Сомер. Паводле слоў айца Андрэя, для сучаснай моладзі з «пакалення Z» характэрныя расцаркаўленне і агнастыцызм. Постхрысціянская моладзь пачатку XXI стагоддзя, як правіла, прызнае існаванне Бога і/або звышнатуральнага свету, але адмаўляе Царкву, яе Таінствы і абрады. Пры гэтым яна актыўная, дынамічная, імкнецца змяніць свет і дапамагчы людзям.

Протаіерэй Андрэй Сомер адзначыў, што сучасная моладзь — гэта «асобная нацыя» са сваёй мовай і культурай, і місіянер, вяшчаючы гэтаму «народу» пра Хрыста, павінен валодаць моладзевымі спосабамі камунікацыі. Для новага пакалення характэрна кліпавае мысленне, адыход ад чытання аб'ёмных тэкстаў, звычка выказваць думкі і пачуцці з дапамогай фота, налепкі, эмодзі. Усе гэта варта ўлічваць прапаведніку, які працуе з маладой аўдыторыяй.

Айцец Андрэй таксама падкрэсліў, што моладзь залежная ад гаджэтаў, яна «кладзецца спаць і прачынаецца са смартфонам». У гэтых умовах важна абудзіць у маладых сэрцах цікавасць да рэальнага жыцця і зносін без віртуальных «пасрэднікаў».

Намеснік старшыні моладзевага Сінадальнага аддзела РПЦЗ звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што асновай моладзевай місіі павінна быць любоў і што спробы гвалтоўна ўцаркавіць навакольных асуджаныя на няўдачу.

— Лепш несці ў свет любоў, чым станавіцца «крыжакамі», — сказаў ён.

Затым слова было прадастаўлена праваслаўным грамадзянам ЗША — дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы за Мяжой. Кожны з рабят распавёў аб сабе і сваім шляху да Бога. Юнакі і дзяўчаты з'яўляюцца нашчадкамі рускіх эмігрантаў у розных пакаленнях, яны ў рознай ступені валодаюць рускай мовай, але ўсё без выключэння памятаюць пра свае карані, вывучаюць рускую культуру і свядома вызнаюць Праваслаўе. Нямала цёплых слоў было сказана пра лагеры «НОРР» (Нацыянальнай арганізацыі рускіх разведчыкаў) — скаўцкай эмігранцкай арганізацыі, заснаванай у 1928 годзе.

Неўзабаве сустрэча набыла фармат жывога дыялогу. Госці адказалі на пытанні беларускіх аднагодкаў і, у сваю чаргу, самі не ўпусцілі магчымасць даведацца больш аб веруючай моладзі Беларусі. Завяршыўся круглы стол у атмасферы радасці і ўзаемаразумення.  

Church.by

Фотарэпартаж