Адышоў да Госпада настаяцель храма Святой Жыццепачатнай Троіцы гарадскога пасёлка Мір Карэліцкага раёна протаіерэй Павел Лукашэвіч

21 мая 2022

0076-1.jpg

21 мая 2022 года, у дзень памяці святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова, на 68 годзе жыцця, пасля працяглай хваробы адышоў да Госпада клірык Навагрудскай епархіі, настаяцель храма Святой Жыццепачатнай Троіцы гарадскога пасёлка Мір Карэліцкага раёна протаіерэй Павел Лукашэвіч.

Павел Сцяпанавіч Лукашэвіч нарадзіўся 5 сакавіка 1955 года ў вёсцы Струга Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1973 годзе служыў у радах савецкай арміі. Воінскае служэнне ён праходзіў на ваенна-марскім флоце.

Выхаваны бацькамі ў пабожнасці, з ранніх дзіцячых гадоў Павел, не гледзячы багаборніцкі час, наведваў мясцовы храм Святога Архангела Міхаіла. Любоў да храма і набажэнства заахвоціла яго да прыняцця святарскага сану.

У Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска 14 снежня 1988 года Павел Лукашэвіч быў рукапаложаны епіскапам Пінскім Канстанцінам (Хомічам), вікарыем Мінскай епархіі, у дыякана, а 18 снежня таго ж года мітрапалітам Мінскім і Беларускім Філарэтам (Вахрамеевым) – у прасвітара.

Сваё пастырскае служэнне іерэй Павел Лукашэвіч пачаў на пасадзе настаяцеля храма святых апосталаў Пятра і Паўла вёскі Трабы Іўеўскага раёна, куды быў прызначаны 20 снежня 1988 года.

8 студзеня 1990 года іерэй Павел атрымаў прызначэнне ў клір Свята-Мікольскага сабора горада Навагрудка, а ўжо 1 лістапада 1991 года стаў першым настаяцелем зарэгістраванай парафіі — старажытнай беларускай святыні — Свята-Барыса-Глебскай царквы горада Навагрудка. Працаю спачылага святара сабор святых страстацерпцаў дабраверных князёў Барыса і Глеба горада Навагрудка быў падрыхтаваны да перадачы Беларускай Праваслаўнай Царкве, якая ажыццявілася 7 студзеня 1996 года.

У 1991 годзе протаіерэй Павел Лукашэвіч паступіў у адроджаную Мінскую духоўную семінарыю, якую паспяхова скончыў у 1994 годзе.

З 1996 па 2002 гады нёс послух благачыннага цэркваў Навагрудскай акругі.

З 5 ліпеня 2008 года да апошніх дзён свайго жыцця протаіерэй Павел Лукашэвіч быў настаяцелем храма Святой Жыццепачатнай Троіцы гарадскога пасёлка Мір Карэліцкага благачыння. Працаю настаяцеля ў храме быў ажыццёўлены капітальны рамонт: устаноўлены новы купал, заменены дах, зроблены ўнутраныя і вонкавыя аддзелачныя работы, пабудавана новая званіца.

Вечная памяць новаспачыламу протаіерэю Паўлу! Няхай упакоіць яго душу літасцівы Гасподзь у селішчах праведных!

Навагрудская епархія/Church.by