Спачыў протаіерэй Іаан Харашэвіч

06 мая 2020

top.jpg

6 мая 2020 года пасля цяжкай хваробы адышоў да Госпада протаіерэй Іаан Харашэвіч, настаяцель прыхода храма святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны ў горадзе Мінску, найстарэйшы клірык Мінскай епархіі.

Іаан (Іван) Аляксандравіч Харашэвіч нарадзіўся 14 студзеня 1933 года ў вёсцы Краснае (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці).

У 1960 годзе прыняў дыяканскі сан і скончыў Мінскую духоўную семінарыю. 19 ліпеня 1960 года прызначаны дыяканам Нікольскага сабора горада Алма-Аты.

15 лістапада 1961 года, па ўзвядзенні ў сан іерэя, прызначаны настаяцелем Успенскага храма горада Гур'ева (Атырау). 3 чэрвеня 1969 года прыняты ў штат Калінінскай епархіі і прызначаны настаяцелем Успенскага храма горада Зубцова Калінінскай вобласці. 16 чэрвеня 1970 года вызвалены ад займанай пасады і прызначаны настаяцелем Праабражэнскага храма горада Раслаўля Смаленскай вобласці. 5 кастрычніка 1971 года прызначаны святаром Успенскага кафедральнага сабора горада Смаленска. 21 жніўня 1974 года пераведзены на пасаду настаяцеля сабора. З 1 верасня 1972 года па 16 кастрычніка 1975 года па сумяшчальніцтве выконваў абавязкі сакратара Смаленскага епархіяльнага ўпраўлення.

16 кастрычніка 1975 года, згодна з пастановай Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, камандзіраваны ў ГДР і прызначаны настаяцелем Алексіеўскага Храма-помніка Рускай Славы ў горадзе Лейпцыгу. За час служэння ў Лейпцыгу прыклаў шмат высілкаў і намаганняў па аднаўленню Храма-Помніка. 15 верасня 1983 года вызвалены ад займанай пасады і прызначаны ключаром Уваскрасенскага кафедральнага сабора ў Заходнім Берліне. 6 верасня 1984 года рашэннем Свяшчэннага Сінода ў сувязі з заканчэннем тэрміну камандзіроўкі вызвалены ад абавязкаў ключара Уваскрасенскага кафедральнага сабора ў Заходнім Берліне і накіраваны ў распараджэнне мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта.

29 кастрычніка 1984 года прыняты ў клір Мінскай епархіі і прызначаны на пасаду штатнага святара Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска. 30 жніўня 1985 года пераведзены на пасаду ключара сабора. 31 снежня 1988 года па сумяшчальніцтве прызначаны сакратаром Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. 12 жніўня 1989 года вызвалены ад пасады ключара Свята-Духава кафедральнага сабора і прызначаны настаяцелем прыхода храма святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны ў горадзе Мінску. 11 сакавіка 1994 года вызвалены ад пасады сакратара Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. 15 жніўня 2011 года прызначаны адказным за духоўную апеку аб капліцы ў гонар іконы Божай Маці «Знаменне» на брацкіх могілках воінаў Першай сусветнай вайны ў горадзе Мінску. 4 жніўня 2014 года, у адпаведнасці з рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, зацверджаным рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, прызначаны членам Царкоўнага суда Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Дбаннем протаіерэя Іаана Харашэвіча адноўлены адзін з найпрыгажэйшых храмаў горада Мінска - храм у гонар святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны. Протаіерэем Іаанам была праведзена велізарная праца па ўпрыгожванню інтэр'еру храма і добраўпарадкаванню прылеглай да яго тэрыторыі, а праз колькі часу, пабудавана хрысцільная царква ў гонар святога Іаана Прадцечы. У 1993 годзе, у азнаменаванне 200-годдзя Мінскай епархіі, быў збудаваны і ўсталяваны помнік у гонар усіх пахаваных на Старажоўскіх могілках. У 1998 годзе стараннямі айца Іаана Харашэвіча каля храма святой Марыі Магдаліны была ўзведзена капліца ў гонар Сабора Беларускіх святых. У 2000 годзе быў завершаны роспіс храма ў гонар святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны. У 2019 годзе пад кіраўніцтвам протаіерэя Іаана Харашэвіча быў пабудаваны будынак парафіяльнага Дома духоўнай асветы.

За гады свайго бездакорнага служэння протаіерэй Іаан быў удастоены шэрагу богаслужбова-іерархічных, агульнацаркоўных узнагарод і ўзнагарод Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ён быў узнагароджаны ордэнамі Рускай Праваслаўнай Царквы роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра II і III ступеняў; прападобнага Сергія Раданежскага II і III ступеняў; дабравернага князя Данііла Маскоўскага I ступені; вышэйшай свяшчэнніцкай царкоўна-богаслужбовай узнагародай - правам нашэння Патрыяршага нагруднага крыжа.

У 2019 годзе айцец Іаан скончыў экстэрнам магістратуту Мінскай духоўнай акадэміі. 

У 2020 годзе протаіерэй Іаан Харашэвіч быў удастоены прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Царства Нябеснае і вечная памяць айцу Іаану!

Фота: Sb.by

Church.by