Прэзідэнт Беларусі наведаў храм Ражджаства Хрыстовага ў аграгарадку Астрошыцы

28 красавіка 2019

top.jpg

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 красавіка ў свята Вялікадня запаліў свечку ў храме Нараджэння Хрыстова ў аграгарадку Астрошыцы Лагойскага раёна.

Ля ўвахода ў царку Кіраўніка дзяржавы сустрэў яе настаяцель протаіерэй Аляксандр Зімніцкі. Прэзідэнт азнаёміўся з убраннем храма, запаліў свечку і павіншаваў вернікаў са святам Вялікадня.

На Вялікдзень у адрозненне ад калядных свят Аляксандр Лукашэнка па традыцыі наведвае невялікія цэрквы і, як правіла, за межамі сталіцы. «У гэта светлае, радаснае свята — Уваскрэсенне Хрыстова — я бываю ў маленькіх вёсачках. Ужо шмат-шмат храмаў у мяне за плячамі, стараюся дапамагчы, дзесьці падрамантаваць. Вельмі люблю гэтыя храмы, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — І не люблю пампезнасці».

На думку Прэзідэнта, пампезнасць гарманічная толькі ў месцах, якія нешта сімвалізуюць. «Вось Палац Незалежнасці знешне здаецца шэрым, а ўнутры пампезны, таму што гэта незалежнасць нашай дзяржавы. Ён і быў створаны ў гонар незалежнасці», — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў прыгожае і ўтульнае ўбранне храма ў Астрошыцах, пажадаў прыхаджанам здароўя, радасці, добрага настрою і ўсяго найлепшага ўсім беларусам. «І не толькі беларусам: вы ведаеце, як цяпер пільна за намі назіраюць. І няхай назіраюць. Але калі Гасподзь будзе з намі, то будзе ўсё ў парадку», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

У дар храму Аляксандр Лукашэнка перадаў абраз «Уваскрэсенне Гасподняе», напісаны ў майстэрні Віктара Доўнара па старажытнай візантыйскай тэхналогіі, а прыхаджан пачаставаў шакаладам «Прэзідэнт».

Кіраўніку дзяржавы настаяцель царквы падарыў Іверскі абраз Божай Маці, на якім паказана Дзева Марыя з Дзіцем. Арыгінал абраза знаходзіцца ў Іверскім манастыры на гары Афон у Грэцыі..

Афіцыйны партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь / Сhurch.by