Прыхаджане і святар сабора Святой Троіцы горада Слоніма наведалі маленькіх пацыентаў педыятрычнага аддзялення Слонімскай ЦРБ
30 сакавіка 202128 сакавіка 2021 года, у нядзельны дзень, маладыя прыхаджане сабора Святой Троіцы горада Слоніма са святаром Мікалаем Савіцкім наведалі маленькіх пацыентаў педыятрычнага аддзялення Слонімскай ЦРБ.
У аддзяленні, разлічаным на 30 ложкаў, праходзяць лячэнне як немаўляты ў суправаджэнні мам, так і дзеці больш старэйшага ўзросту.
«Нам хацелася падарыць трошкі радасці дзецям і бацькам, а таксама медыцынскім работнікам, бо выдатны настрой спрыяе больш хуткаму акрыянню», — распавялі добраахвотнікі.
Аніматар і пачастункі, усмешкі і жарты гасцей зрабілі сваю справу — добры настрой з'явіўся ў кожнага, хто знаходзіцца на лячэнні.
Гэта ўжо не першы візіт маладых прыхаджан храма сабора Святой Троіцы горада Слоніма ў педыятрычнае аддзяленне Слонімскай ЦРБ. Яны пачыналі наведваць маленькіх пацыентаў яшчэ ў мінулым годзе і планавалі гэта рабіць на рэгулярнай аснове. Аднак пандэмія каронавіруса перашкодзіла планам. Цяпер наведванні плануецца аднавіць.