Праект Навагрудскага благачыння «Кветнік духоўны» адзначаны дыпломам II ступені на XIX рэспубліканскай выставе Навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі
20 красавіка 2021З 14 па 16 красавіка ў горадзе Мінску праходзіла XIX рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. У мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі.
На стэндзе Гродзенскай вобласці быў прадстаўлены праект «Кветнік духоўны» па распрацоўцы і правядзенні змен духоўна-маральнай накіраванасці ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Свіцязь». Па выніках выставы праект атрымаў высокую адзнаку — дыплом II ступені.
Праект рэалізуецца ў Навагрудскім благачынні сумеснымі намаганнямі святароў, выкладчыкаў курса «Асновы маральнасці» і педагогаў агульнаадукацыйных школ. У рамках праекта на працягу чатырох гадоў на базе раённага аздараўленчага лагера праходзяць змены духоўна-маральнай накіраванасці. З рабятамі святары вядуць гутаркі, педагогі праводзяць розныя мерапрыемствы, арганізуюцца паходы і паломніцкія паездкі, а таксама сумесныя набажэнствы.
Як адзначаюць у Навагрудскай епархіі, змены духоўна-маральнай накіраванасці ў аздараўленчым лагеры запатрабаваныя — у іх удзельнічаюць дзеці не толькі з Навагрудскага раёна, але і з розных рэгіёнаў Беларусі. Штогод на такія змены збіраецца каля 200 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 6 да 15 гадоў.