Протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі: 50 гадоў святарства

29 лістапада 2020

top.jpg

29 лістапада 2020 года спаўняецца 50 гадоў з дня іерэйскай хіратоніі настаяцеля Свята-Пакроўскага храма горада Баранавічы, благачыннага Баранавіцкай царкоўнай акругі, мітрафорнага протаіерэя Аляксандра Дзічкоўскага.

З ранняга дзяцінства жыццё Аляксандра звязана з царкоўным служэннем. Ён рос у шматдзетнай сям'і святара, дапамагаў бацьку ў храме. У 23 гады паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю, дзе спяваў у знакамітым хоры айца Матфея (Мармыля). У канцы першага курса епіскап Філарэт (Вахрамееў), будучы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, рукапалажыў яго ў дыякана. Пасля кароткага служэння ў Ялцінскім Аляксандра-Неўскім саборы ўладыка Антоній (Вакарык), будучы мітрапаліт Чарнігаўскі, накіраваў айца Аляксандра ў Свята-Нікольскі сабор горада Еўпаторыі, дзе, праз некалькі месяцаў, рукапалажыў яго ў свяшчэнніка. Без малога сем гадоў наш юбіляр нёс послух клірыка гэтага храма.

У верасні 1977 года айцец Аляксандр прыехаў на родную Беларускую зямлю. Каля паўгода праслужыў у Праабражэнскім храме вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна. У свята свяціцеля Мікалая Цудатворца — 19 снежня 1977 года — прызначаны благачынным цэркваў Баранавіцкай акругі, а напярэдадні свята Стрэчання Гасподняга — 13 лютага 1978 года — прызначаны настаяцелем Свята-Пакроўскага сабора горада Баранавічы.

За гэтыя гады праведзена каласальная работа па добраўпарадкаванню храма і прычтавых будынкаў. Зроблены капітальны рамонт храма. Заменена кроквенная сістэма, перакрыты дах, храм упрыгожаны роспісамі, праведзена важная рэканструкцыя фасада, якая дазволіла ўцяпліць бабінец, добраўпарадкаваны цокальны паверх, створаны музей, дзе можна ўбачыць унікальныя фрагменты мазаік, даведацца іх гісторыю, а таксама пазнаёміцца з гісторыяй храмаў горада. Таксама добраўпарадкавана званіца, набыты набор званоў. Да приычтавых дамоў падведзены вада і газ, узведзены гаспадарчыя пабудовы, пабудавана нядзельная школа, іконная лаўка, у двары пакладзена тратуарная плітка.

З першых гадоў служэння ў Баранавічах айцец Аляксандр зарэкамендаваў сябе дбайным пастырам і выдатным адміністратарам, за што набыў аўтарытэт не толькі сярод духавенства, але і сярод жыхароў горада і раёна. З 1990 года быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (з 1991 па 1995 гады — Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь).

У пачатку 1990-х гадоў у горадзе і раёне сталі будаваць новыя храмы і рэстаўраваць закрытыя і разбураныя. У Баранавічах, пры непасрэдным удзеле айца благачыннага, узведзены храмы ў імя святога Аляксандра Неўскага, мучаніка Іаана Воіна, святых жанчын-міраносіц, велікамучаніка Георгія Перамаганосца, капліцы ў гонар святога Андрэя Багалюбскага і Архістратыга Божага Міхаіла, утвораны прыход у гонар блажэннай Валянціны Мінскай.

У Баранавіцкім раёне пабудаваны новыя храмы ў вёсках Адахаўшчына, Яцвезь, Крошын, Петкавічы, Карчова, Русіна, Лясная. Акрамя таго, адноўлены закрытыя і практычна цалкам разбураныя храмы ў Чэрніхаве, Пачапаве, Вялікай Сваротве, Люшневе і інш.

У 2009 годзе з 27 студзеня па 1 лютага протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі прыняў удзел у Памесным Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы ў якасці дэлегата ад Пінскай епархіі. На гэтым Саборы быў абраны Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

У лістападзе 2017 года па ініцыятыве айца Аляксандра быў створаны хор духавенства Баранавіцкага благачыння. Хор ужо неаднаразова з поспехам выступаў перад прыхаджанамі гарадскіх храмаў, на гарадскіх пляцоўках, у працоўных калектывах, перад студэнтамі і навучэнцамі, у сельскіх дамах культуры Баранавіцкага раёна.

Зважаючы на руплівую працу на карысць Святой Царквы айцец Аляксандр узнагароджаны ордэнамі: роўнаапостальнага князя Уладзіміра II і III ступені, прападобнага Сергія Раданежскага II і III ступені, прападобнага Данііла Маскоўскага II ступені, прападобнага Серафіма Сароўскага III ступені, Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, свяціцеля Кірыла Тураўскага I і II ступені, а таксама шматлікімі медалямі, знакамі і граматамі. 12 студзеня 2010 года протаіерэю Аляксандру Дзічкоўскаму прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Баранавіцкага раёна.

У знамянальны юбілей мы — духавенства, царкоўныя работнікі і прыхаджане Свята-Пакроўскага храма — сардэчна віншуем Вас, дарагі айцец Аляксандр, з гэтай выдатнай датай. Жадаем міласці і дапамогі Божай, моцнага здароўя і даўгалецця. Няхай Гасподзь няспынна абнаўляе ў вашым сэрцы Дух Правы, Тым умацуе і надасць Вам радасць спасення Свайго. Хрыстос пасярод нас і ёсць і будзе!!!

Протадыякан Андрэй Гарбуноў