Протаіерэй Фёдар Поўны: У ДТЗ у Пскоўскай вобласці ніхто не пацярпеў
10 студзеня 2017Увечары 9 студзеня 2017 года ў Пскоўскай вобласці (Расія) трапіў у ДТЗ аўтобус з дзецьмі з Мінска. У хваставую частку транспартнага сродку урэзаўся вялікагрузны аўтамабіль.
У аўтобусе знаходзіліся ўдзельнікі дзіцяча-юнацкага хору нядзельнай школы Усіхсвяцкага прыходу беларускай сталіцы. Пеўчы калектыў вяртаўся з Санкт-Пецярбурга, з XI Міжнароднага конкурсу харавога і вакальнага мастацтва «Песні над Нявой», дзе стаў лаўрэатам III ступені.
Як патлумачыў настаяцель Усіхсвяцкага прыходу протаіерэй Фёдар Поўны, у ДТЗ ніхто не атрымаў значных траўмаў, шпіталізацыя нікому не спатрэбілася.
Аўтобус, прадстаўлены ўладамі Пскоўскай вобласці, даставіў мінчан ў Пскова-Пячэрскі манастыр. Цяпер група ў поўным складзе размешчана ў гасцініцы абіцелі. Для дзяцей праводзяцца экскурсіі. Удзельнікі калектыву адчуваюць сябе добра, скаргаў няма. З Мінска за групай адпраўлены аўтобус.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, выказаў сваю занепакоенасць тым, што здарылася, а таксама падзякаваў усім, хто прыняў удзел у аказанні дапамогі дзецям і іх суправаджальнікам.
На фота: удзельнікі дзіцяча-юнацкага хору з намеснікам Пскова-Пячэрскага манастыра архімандрытам Ціханам (Сакратаровым).