Рэспубліканскі семінар «Гісторыя Праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння» адбыўся ў Мінску

11 красавіка 2019

top.jpg

9 красавіка 2019 года ў мінскай парафіі іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» па благаславенню епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага Веніяміна, старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, адбыўся адзін з найбуйнейшых у Рэспубліцы семінараў, прысвечаных праваслаўнаму краязнаўству.

Арганізатарам семінара выступіў Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ (далей — АРАіК), саарганізатарамі — Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У форуме прынялі ўдзел святары, кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк і структур Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўнікі і спецыялісты публічных бібліятэк Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, выкладчыкі і бібліятэчныя спецыялісты ўстаноў вышэйшай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Усяго на семінары прысутнічала больш за 60 чалавек.

Мадэратарамі семінара сталі: загадчык сектара парафіяльных бібліятэк Гродзенскай епархіі протаіерэй Уладзімір Барысевіч, загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства» А. А. Кравец і галоўны бібліятэкар НІА бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, намеснік старшыні Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці АРАіК А. А. Рынкевіч.

Семінар пачаўся з малітвы, затым з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. Ён адзначыў, што багатая духоўная спадчына беларускага народа выклікае ў апошнія гады непадробную цікавасць у розных слаёў насельніцтва. Бо да нядаўняга часу старонкі гісторыі Праваслаўя ў гісторыі беларускай дзяржавы заставаліся мала асветленымі ці ўвогуле закрытымі для вывучэння. Сёння па ініцыятыве мясцовых краязнаўцаў, спецыялістаў бібліятэк, педагогаў гісторыя Праваслаўя ў жыцці беларускага народа становіцца ўсеагульным здабыткам. Лёсы рэпрэсаваных святароў і іх сем'яў з'яўляюцца прыкладам для выхавання грамадзянскасці і патрыятызму ў падрастаючага пакалення, адраджэння і ўмацавання сямейных традыцый.

Невядомыя старонкі гісторыі Праваслаўя прыцягваюць сёння маладое пакаленне, якое спрабуе паглыбіцца і зразумець гістарычнае мінулае сваёй сям'і, свайго роду, свайго народа. Праваслаўнае краязнаўства фарміруе ў падрастаючага пакалення цікавасць да духоўнай культуры свайго народа, павагу да яго гістарычнага мінулага. Вывучэнне сваёй малой радзімы, культуры продкаў выхоўвае душу дзіцяці, уплывае на яго паводзіны ў грамадстве, фарміруе нацыянальную самасвядомасць, пачуццё ўласнай годнасці, а таксама адказнасці за лёс свайго народа. Духоўна-маральнае выхаванне праз краязнаўства спрыяе фарміраванню асобы, павазе да помнікаў гісторыі і культуры, неабходнасці іх захаваць. Таму так актуальная тэма семінара «Гісторыя Праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння», адзначыў уладыка.

Затым да ўдзельнікаў сходу звярнуўся настаяцель прыхода іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» протаіерэй Ігар Карасцялёў, які падкрэсліў значнасць дзейнасці бібліятэкараў і краязнаўцаў:

— Мы памятаем словы, звернутыя да нас, пра тое, што «вера — ад пачутага, а пачутае — ад слова Божага» (Рым. 10:17). Цяпер слова, якое пакінуў Гасподзь наш Іісус Хрыстос у Свой час, мы чэрпаем з кніг. Акурат у гэтым важнасць вашых прац.

Далей з дакладамі выступілі:

Рынкевіч В. А. Дзейнасць бібліятэк Рэспублікі па вывучэнню гісторыі Праваслаўя роднага краю;

Кравец А. Е. Выхаваўчы патэнцыял праваслаўнага краязнаўства: новыя тэндэнцыі і іх увасабленне ў адукацыйным працэсе;

Лубнеўская Т. П., выкладчык філіяла БДЭУ «Мінскі гандлёвы каледж». Метадычнае забеспячэнне праваслаўнага краязнаўства ва ўстановах адукацыі. Праграма аб’яднання па інтарэсах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турысцка-краязнаўчага профілю «Праваслаўнае краязнаўства» паглыбленага ўзроўню;

Сабалеўская В. А., галоўны бібліятэкар аддзела карпаратыўнага ўзаемадзеяння Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аўтарытэтныя анлайн-рэсурсы ў дапамогу вывучэнню гісторыі Праваслаўя роднага краю;

Свірыдзенка А. А., магістр псіхалагічных навук, педагог-псіхолаг ДУА «Гімназія № 2 г. Пінска». Гісторыка-краязнаўчы праект «Айчыны зямной благадаць».

Леўкавец М. М., кіраўнік музея ДУА «Міханавіцкая сярэдняя школа» Мінскага раёна. Вяртанне да духоўнай пераемнасці пакаленняў. Распрацоўка экскурсійнага маршруту па праваслаўных храмах рэгіёна;

Стахавец Л. А., выкладчык нядзельнай школы, Брэсцкая вобласць, вёска Святая Воля, прыход храма ў гонар Уздзвіжання Святога Крыжа. Дзейнасць і праца схіархімандрыта Іаана (Маслава) на Беларускай зямлі — духоўны скарб;

Ананьеў А. В., загадчык аддзела літаратуры па мастацтве УК «Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна». Страчаныя храмы Гомеля: гісторыі і лёсы;

Пуцікава Л. В., кіраўнік музея УА «Слуцкі дзяржаўны каледж». Праваслаўныя святыні роднага краю ў сучаснай адукацыйнай практыцы;

Шаўчук Т. В., бібліятэкар УА «Іўеўскі ГСПЛ». Гісторыя храма ў горадзе Іўе;

Чалала А. В., настаўнік ДУА «Гаранскі дзіцячы сад-сярэдняя школа Полацкага раёна». Вопыт работы школы па вывучэнню святынь роднага краю;

Зайцава Юлія, навучэнка ДУА «Гімназія № 8 г. Мінска» (кіраўнік: выкладчык Каліта А. В.) Храм Аляксандра Неўскага. Духоўнае выхаванне дзяцей і моладзі з дапамогай праектнай дзейнасці;

Абухова Н. І., метадыст цэнтра выхаваўчай работы ДУА «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі». Арганізацыя пошукавай работы на прыкладзе даследавання жыцця і дзейнасці І. Гашкевіча.

Варта адзначыць, што першы семінар па праваслаўнаму краязнаўству адбыўся ў 2016 годзе. Ён быў задуманы каардынацыйным саветам па бібліятэчнай дзейнасці пры АРАіК як форма павышэння кваліфікацыі бібліятэчных спецыялістаў і накіраваны, перш за ўсё, на ўзаемны абмен вопытам краязнаўчай працы. Сёння праца семінара выйшла далёка за межы непасрэднай дзейнасці бібліятэк. У ім актыўна прымаюць удзел педагогі ўстаноў адукацыі, пазашкольнай дзейнасці. У краязнаўчы рух уцягнутыя не толькі бібліятэкі, але і школы, ВНУ, ССНУ, нядзельныя школы, праваслаўныя прыходы, грамадскія і ініцыятыўныя групы і іншыя, што можна прасачыць і на прыкладзе ўдзельнікаў сёлетняга семінара.

Аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ, бачачы ўнікальную магчымасць сабраць па крупінках старонкі гісторыі Праваслаўя ў кантэксце гісторыі беларускай дзяржавы, якія да нядаўняга часу заставаліся мала асветленымі, узяў на сябе галоўную задачу — выйсці на сістэмны ўзровень арганізацыі гэтай работы. АРАіК БПЦ выступіў з ініцыятывай стварыць на сайце аддзела і сайце «Праваслаўныя бібліятэкі Беларусі» рубрыку «Малая радзіма», дзе размяшчаюцца матэрыялы па праваслаўнаму краязнаўству, якія паступаюць ад бібліятэчных спецыялістаў, педагогаў, краязнаўцаў. У перспектыве гэтая праца знойдзе завяршэнне ў абагульняючай публікацыі матэрыялаў даследаванняў, адкрыццяў праваслаўных краязнаўцаў.

Праваслаўныя бібліятэкі Беларусі / Church.by