«Радзіма там, дзе служыш»: епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній пра значэнне асобы мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) у гісторыі горада Гродна, Гродзеншчыны і Беларусі

17 верасня 2021

1.jpg

На сайце Гродзенскай епархіі апублікаваны артыкул епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія, прысвечаны значэнню асобы і працы мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) у гісторыі горада Гродна, Гродзеншчыны і Беларусі ў цэлым.

Мітрапаліт Філарэт (свецкае імя Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў; 1935-2021), першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, — гэта сапраўды чалавек-эпоха, чалавек-легенда. Без гэтай выдатнай асобы найноўшая гісторыя Беларусі была б зусім іншай. Менавіта мітрапаліт Філарэт стаяў ля вытокаў духоўнага адраджэння нашай краіны. І сёння, калі зямны шлях уладыкі завяршыўся, наша задача — захаваць памяць аб ім як прыклад для будучых пакаленняў. Прыклад найвышэйшай культуры, прыклад хрысціянскай маральнасці, прыклад жыцця, без астатку аддадзенага Богу і людзям.

У гісторыі Гродзенскага краю мітрапаліт Філарэт адыграў значную ролю. Якую? Давайце паглядзім на факты.

У 1978 годзе, калі ўладыка Філарэт быў прызначаны на Мінскую кафедру, у межах БССР дзейнічала толькі адна праваслаўная епархія. Гэта значыць, што праваслаўныя храмы і святары горада Гродна і Гродзенскай вобласці знаходзіліся ў сферы яго пастаяннай і непасрэднай увагі. Архіпастыр рэгулярна наведваў Гродна, праводзіў тут набажэнствы, меў зносіны з веруючым народам, праводзіў сустрэчы з духавенствам, прадстаўнікамі гарадскіх і абласных уладаў. 

2.jpg

У кастрычніку 1989 года Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы згодна хадайніцтву мітрапаліта Філарэта утварыў у межах БССР Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату. Уладыку Філарэту свяшчэннаначалле прысвоіла тытул «Мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі». Паралельна ў рэспубліцы пачаўся працэс аднаўлення гістарычных і стварэння новых праваслаўных епархій.

Мітрапалітам Мінскім і Гродзенскім уладыка быў да 1992 года. У гэты перыяд Гродна з'яўляўся другім кафедральным горадам, другой "сталіцай" той тэрыторыі, якой кіраваў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Вядома ж, гэта было не выпадкова. Гэта паказвала на высокі статус нашага старажытнага горада на духоўнай карце краіны. Гродна знаходзіцца на мяжы двух светаў — усходнеславянскага і заходнеславянскага, праваслаўнага і каталіцкага. І гэта напэўна шмат значыла для мітрапаліта Філарэта — чалавека свету і дыялогу, які аддаў нямала сіл стварэнню мастоў паміж народамі, паміж канфесіямі, паміж людзьмі розных поглядаў і інтарэсаў.

3.jpg

Характэрна, што 13 кастрычніка 1991 года, адслужыўшы Літургію ў Міхайлаўскім храме Шчучына, мітрапаліт Філарэт сустрэўся з нядаўна рукапаложаным рыма-каталіцкім Гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам. Уладыка Філарэт падтрымліваў цёплыя адносіны як з ім, так і з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, выхадцам з Гродзенскага краю.

У 1992 годзе ўладыка Філарэт ініцыіраваў адраджэнне самастойнай Гродзенскай епархіі, кіраўніком якой быў прызначаны архіепіскап Валянцін (Мішчук). Пасля пераводу ўладыкі Валянціна на новае месца служэння мітрапаліт Філарэт часова (з 1994 па 1996 гады) кіраваў Гродзенскай епархіяй асабіста.

Па благаславенню Яго Высокапраасвяшчэнства з 1992 года аднавілася манаскае жыццё ў жаночай абіцелі Нараджэння Багародзіцы ў цэнтры Гродна. Праз 10 гадоў манастыр стаў стаўрапігіяльным, гэта значыць наўпрост падведамным Патрыяршаму Экзарху. Настаяцельніца манастыра ігумення Гаўрыіла (Глухава) заўсёды аказвала ўладыку падтрымку і атачала даччыным клопатам.

У 1996 годзе сабор архіпастыраў на чале з мітрапалітам Філарэтам здзейсніў хіратонію архімандрыта Арцемія (Кішчанкі) у епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага. Пасля ўладыка Арцемій быў узведзены ў архіепіскапскі сан. З'яўляючыся яго непасрэдным пераемнікам, аўтар артыкула сведчыць аб сваёй шчырай павазе да заслуг архіепіскапа Арцемія, які працаваў на Гродзенскай кафедры больш за чвэрць стагоддзя.

Мітрапаліт Філарэт не раз здзяйсняў набажэнствы ў Пакроўскім кафедральным саборы Гродна.

4.jpg

Асаблівую ўвагу ўладыка надаваў жамчужыне Гродна — Каложскай Барысаглебскай царкве. З першых гадоў служэння ў Беларусі мітрапаліт шматкроць бываў у гэтым храме, і шмат у чым дзякуючы яго ініцыятыве ў сценах помніка архітэктуры XII стагоддзя зноў загарэлася малітва. Ён пільна сачыў за ходам дыскусіі аб перспектывах рэстаўрацыі Барысаглебскага храма, удзельнічаў у навуковых канферэнцыях па гэтым пытанні, хварэючы душой за дарагую гродзенцам Каложу.

У 2003 годзе ўладыка асвяціў усталяваны ля муроў Каложскай царквы памятны камень у гонар князя-палкаводца Давіда Гарадзенскага, які паводле падання, быў пахаваны тут.

Усебеларускі архіпастыр стаяў ля вытокаў прыхода Сабору ўсіх Беларускіх святых у Гродне. У 1994 годзе ён наведаў горад, сустрэўся з прадстаўнікамі свецкай улады, падняўшы пытанне будаўніцтва новага храма. Пасля сумеснага аб'езду Гродна ў якасці перспектыўнага пункта для ўзвядзення новай святыні было абрана месца ў мікрараёне Вішнявец (на Вішняўцы, як кажуць мясцовыя жыхары). Менавіта мітрапалітам Філарэтам будучай будоўлі было прысвоена імя Сабора ўсіх Беларускіх святых. 7 лістапада 2011 года ўладыка Філарэт у саслужэнні архіепіскапа Арцемія асвяціў гэты велічны храм, пасля чаго праехаў з візітам па прыходах горада, азнаёміўшыся з жыццядзейнасцю абшчын — і гэта нягледзячы на ўзроставыя немачы, бо мітрапаліту тады ішоў ужо 77-ы год.

5.jpg

Імя мітрапаліта Філарэта ўпісана ў гісторыю цэлага шэрагу прыходаў Гродзеншчыны: Ён асвяціў ніжні храм Благавешчанскай царквы ў Ваўкавыску (2000), храм у гонар велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў гарадскім пасёлку Краснасельскі (2003), кафедральны Петрапаўлаўскі сабор у Ваўкавыску (2004).

Храм у Скідзелі, які зараз з'яўляецца цэнтрам Гродзенскага раённага благачыння, названы ў гонар навамучанікаў і вызнаўцаў Беларускіх таксама дзякуючы мітрапаліту Філарэту. У парафіі першапачаткова планавалі будаваць храм у гонар Ражджаства Хрыстова, затым — у гонар навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай, праслаўленых ў 2000 годзе, але ўладыка настойліва пажадаў, каб храм атрымаў імя ў гонар мучанікаў за веру, якія падзвізаліся на нашай зямлі.

Уладыка жыва цікавіўся і ўдзельнічаў у навуковым, адукацыйным, культурным і грамадскім жыцця Гродна. Прызнаннем заслуг першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў гэтай сферы стала абранне яго ў 2001 годзе ганаровым доктарам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а ў 2009 годзе — ганаровым прафесарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

Дарэчы памятаць, што мітрапаліт Філарэт быў асобай, значнай у маштабе не толькі горада, рэгіёна, краіны, але і ўсёй шматмільённай Рускай Праваслаўнай Царквы і нават шырэй: усёй сусветнай хрысціянскай супольнасці.

6.jpg

З 1978 па 1984 гады Яго Высокапраасвяшчэнства нёс послух Патрыяршага Экзарха Заходняй Еўропы. У яго сэрцы хапала месца і для беларускай, і для замежнай паствы. Масквіч па нараджэнні, нашчадак Яраслаўскага купецкага (з 1913 года дваранскага) роду, яркі прадстаўнік рускай царкоўнай традыцыі, уладыка быў пры гэтым бясконца далёкі ад нацыяналістычнай абмежаванасці і самазамкнёнасці. «Радзіма там, дзе служыш» — прызнаўся ён аднойчы.

У 1981-1989 гадах уладыка Філарэт з'яўляўся старшынёй Аддзела знешніх царкоўных зносін (АЗЦС) Маскоўскага Патрыярхату, свайго роду "міністрам замежных спраў" Рускай Праваслаўнай Царквы. Будучы па складзе характару дыпламатам ад Бога, у гэты ж час уладыка Філарэт пастараўся выбудаваць у Беларусі кантакты з мясцовымі ўладамі — а ў савецкіх рэаліях, калі Царква была штучна выцеснена на абочыну соцыума, гэта было вельмі няпроста. Паводле ўспамінаў відавочцаў, мітрапаліт быў просты і даступны ў зносінах, мог пажартаваць, умеў выклікаць прыхільнасць да сябе, але разам з тым ніколі ні перад кім не запабягаў, не губляў годнасці і пачуцця меры. Гэта рабіла моцнае ўражанне на навакольных, у тым ліку і на савецкую «вертыкаль». Пад уплывам уладыкі многія пераглядалі ў лепшы бок свае сталыя ўяўленні пра Царкву і вернікаў.

Дзякуючы аўтарытэту мітрапаліта Філарэта ў 1984 годзе на вуліцы Вызвалення ў Мінску ўдалося пабудаваць будынак епархіяльнага ўпраўлення з дамавым храмам — трохпавярховы, арыгінальна вырашаны ў архітэктурным плане, ён выдатна ўпісаўся ў гістарычную забудову пачатку ХХ стагоддзя. Гэта падзея стала "першай ластаўкай" царкоўнага адраджэння і актыўнага храмабудаўніцтва ў краіне. Дарэчы, да канца сваіх дзён уладыка Філарэт жыў у пакоях на трэцім паверсе Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. Іншай рэзідэнцыі мітрапаліт для сябе і не жадаў.

7.jpg

Як кіраўнік АЗЦС уладыка часта прымаў замежныя дэлегацыі, знаёмячы іх з захаванай хрысціянскай спадчынай Беларусі. Гэта таксама спрыяла паслабленню дзяржаўнай рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да Царквы. Так быў выратаваны ад закрыцця і раскрадання Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр, галоўнай святыняй якога з'яўляецца аднайменны цудатворны абраз Божай Маці. У 1992 годзе ўладыку Філарэту быў засвоены тытул «Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Свята-Успенскай Жыровіцкай мясціны свяшчэннархімандрыт». Гэта сведчыла, што для Беларусі Жыровіцкі манастыр — тое ж, што абіцель прападобнага Сергія для Расіі: бо «Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры свяшчэннаархімандрыт» — гэта Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Зараз манастыр у Жыровічах, які нядаўна адзначыў 550-годдзе — сусветна вядомая мэта паломніцкіх маршрутаў і адна з асноўных славутасцяў Гродзенскай вобласці.

Мітрапаліт Філарэт прыклаў нямала намаганняў і для развіцця Жыровічаў як цэнтра духоўнай адукацыі: тут па яго благаславенню адрадзілася Мінская духоўная семінарыя, якая стала прадметам руплівай апекі ўладыкі, які чытаў у духоўнай школе лекцыі і заўсёды быў адкрыты для размоў са студэнтамі. Архіпастыр падзяляў з семінарыстамі і радасць агульнага імкнення паслужыць Богу, і шматлікія бытавыя цяжкасці. Аўтар памятае, як у семінарыі правальвалася падлога, у вокнах зеўралі шчыліны, у інтэрнаце не было гарачай вады — але гэты дыскамфорт аблягчаўся прысутнасцю мітрапаліта, яго прыязнасцю, інтэлігентным гумарам і верай у тое, што ўсе праблемы можна пераадолець. Намаганнямі ўладыкі і пры дапамозе дзяржавы семінарскія карпусы былі цалкам абноўлены.

8.jpg

У 1990 годзе, на момант прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, мітрапаліт Філарэт быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, такім чынам стаўшы адным з заснавальнікаў незалежнай Беларускай дзяржавы.

З 1993 па 2011 гады ўладыка Філарэт быў старшынёй Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі — органа, адказнага за развіццё багаслоўскай думкі ўнутры Рускай Праваслаўнай Царквы, царкоўны дыялог са светам навукі.

Можна бясконца пералічваць тое, што мітрапаліт Філарэт зрабіў для Беларускай Царквы і Беларусі ў цэлым. Вось толькі самае істотнае:

  • у 1984 годзе па ініцыятыве мітрапаліта Філарэта і па благаславенню Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена было ўстаноўлена святкаванне Сабору Беларускіх святых;
  • у 1989 годзе, як ужо гаварылася вышэй, была адроджана Мінская духоўная семінарыя, у 1993 годзе заснаваны багаслоўскі факультэт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (з 2004 — Інстытут тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), у 1996 годзе заснавана Мінская духоўная акадэмія;
  • колькасць епархій вырасла з 1 да 11, цяпер іх 15;
  • у 1992 годзе была пачата праца над перакладам Свяшчэннага Пісання на сучасную літаратурную беларускую мову (пераклад Новага Запавету завершаны ў 2017 годзе);
  • у 1997 годзе была адноўлена ўсенародная святыня — Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай, які дакладна паўтарае арыгінал XII стагоддзя;
  • у 2002 годзе было знойдзена Слуцкае Евангелле — помнік кніжнай культуры XVI стагоддзя, у 2009 годзе пры ўдзеле Нацыянальнай акадэміі навук было створана факсімільнае выданне гэтага рарытэту; адкрыты 24 жаночых і 10 мужчынскіх манастыроў; колькасць праваслаўных прыходаў па краіне павялічылася з 430 да больш чым 1600; прылічаны да ліку святых 34 беларускіх падзвіжнікаў пабожнасці, 31 з якіх жыў у ХХ стагоддзі;
  • пачалася царкоўна-навуковая праца па даследаванню гісторыі Праваслаўя ў Беларусі, з нуля была арганізавана выдавецкая дзейнасць Беларускай Праваслаўнай Царквы, быў пакладзены пачатак стварэнню праваслаўных моладзевых брацтваў і сястрыцтваў міласэрнасці.

9.jpg

Мітрапаліт Філарэт прыняў актыўны асабісты ўдзел у распрацоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». У 2002 годзе пры садзейнічанні ўладыкі Экзарха была прынята новая рэдакцыя Закона з фармулёўкай «Аб вызначальнай ролі Праваслаўнай Царквы ў развіцці духоўных, дзяржаўных і культурных традыцый беларускага народа».

У 2003 годзе ўладыка Філарэт паставіў свой подпіс пад пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У 2006 годзе мітрапаліт Філарэт быў уганараваны званнем Героя Беларусі.

25 снежня 2013 года Свяшчэнны Сінод задаволіў прашэнне ўладыкі аб сыходзе на спачын і прызначыў мітрапаліта Філарэта Ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Знаходзячыся на спачыне, мітрапаліт Філарэт працягваў служыць у дамавым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, маліцца ў келейнай цішыні, сардэчна гутарыць з гасцямі, з асаблівай любоўю благаслаўляючы дзяцей.

10.jpg

12 студзеня 2021 года ўладыка Філарэт пасля хваробы адышоў да Госпада.

У першым пасланні апостала Паўла да Карынфян ёсць выдатныя словы: «Для ўсіх я зрабіўся ўсім» ( 1 Кар. 9:22). Сапраўды гэтак жа мог сказаць пра сябе мітрапаліт Філарэт. Сіла гэтай асобы была такой, што ўладыку Філарэта паважалі і праваслаўныя хрысціяне, і носьбіты іншых веравызнанняў, і атэісты. Такія людзі, як ўладыка, ва ўсе часы складалі эліту грамадства, яго арыстакратыю. Але сапраўдная элітарнасць неаддзельная ад стрыманасці і сціпласці — і менавіта сціпласць заўсёды адрознівала мітрапаліта Філарэта, які любіў казаць: «Не нам, Госпадзі, не нам, але Імені Твайму дай славу» (Пс. 113:9). Уладыка не жыў для сябе: яго жыццё належала Богу і блізкім, а блізкімі ў яго разуменні былі людзі, якія знаходзяцца побач тут і цяпер.

12.jpg

Ушанаванне памяці мітрапаліта Філарэта — нацыянальны доўг беларусаў. Адпаведная праца ў нашай краіне ўжо ідзе. Ніжэй — эскіз аднаго з помнікаў уладыку Экзарху, якія, дасць Бог, будуць устаноўлены ў месцах, асабліва звязаных з дзейнасцю Яго Высокапраасвяшчэнства.

Перакананы: наяўнасць вуліцы ці плошчы імя мітрапаліта Філарэта павінна быць жаданым гонарам для кожнага беларускага горада.

Гродзенская епархія/Church.by