Кіраўніца Цэнтра «Матуля» выступіла на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня маці
13 кастрычніка 2020У Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Дня маці.
Дзень 14 кастрычніка, на які прыпадае праваслаўнае свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, трывала ўвайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як свята ўшанавання маці. Напярэдадні гэтай даты прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскіх арганізацый сустрэліся ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь з журналістамі і адказалі на іх пытанні, паведамляе сайт прэс-цэнтра.
У якасці спікераў выступілі: Валерый Кавалькоў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь; Дзмітрый Лазар, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь; Лілія Ананіч, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын; Вераніка Сярдзюк, старшыня праўлення Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля».
У прыватнасці, Вераніка Сярдзюк адзначыла, што ў Рэспубліцы Беларусь больш за 30 грамадскіх арганізацый займаюцца пытаннямі мацярынства і дзяцінства.
— Штогод у Рэспубліцы Беларусь нараджалася 100 тысяч беларусаў, сёлета нарадзілася толькі 87 602 чалавекі — паведаміла Вераніка Сярдзюк. — У нас у дзяржаве каля 2 мільёнаў 200 тысяч жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту (ад 15 да 40 гадоў). Сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб жанчын складае 29 гадоў, нараджэнне першага дзіцяці — 27 гадоў. У нашай краіне створана і функцыянуе праграма захавання рэпрадуктыўнага здароўя дзяўчат «ЕВЕ 13», якая разлічана на дзяўчынак-падлеткаў. У бліжэйшы час плануецца вылучыць прапанову Міністэрству аховы здароўя аб стварэнні асаблівай службы падтрымкі жанчын у крызісным мацярынстве, паколькі зафіксавана, што каля 10% знаходзяцца ў пасляродавай дэпрэсіі.