Семінар для выкладчыкаў нядзельных школ прайшоў у Гомелі

28 лютага 2018

top.jpg

«Нестандартны ўрок: формы і метады правядзення» — па такой тэматыцы ў канферэнц-зале Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора ў горадзе Гомелі адбыўся сход выкладчыкаў нядзельных школ Гомельскай епархіі.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі протаіерэй Арцемій Крывіцкі, які адзначыў асноўныя цяжкасці ў дзейнасці нядзельных школ на сучасным этапе і акрэсліў магчымыя шляхі іх пераадолення.

Сваім вопытам выкарыстання інтэрактыўных метадаў у рабоце з дзецьмі сярэдняга школьнага ўзросту падзяліліся Алена Каваленка, выкладчык нядзельнай школы прыхода храма прападобнага Серафіма Сароўскага ў горадзе Жлобіне, якая правяла невялікі майстар-клас для прысутных педагогаў. Наталля Цімашэнка, выкладчык нядзельнай школы прыхода храма Праабражэння Гасподняга ў горадзе Гомелі, распавяла аб сваіх напрацоўках у рабоце з малодшай групай нядзельнай школы, прэзентавала метадычныя дапаможнікі для дадзенага ўзросту. Аб выкарыстанні настольных гульняў у працэсе заняткаў і аб сайце «Светач» распавяла Іна Каліцкая, выкладчык нядзельнай школы прыхода храма святога Архангела Міхаіла ў горадзе Гомелі. Эліна Жыхарова, выкладчык нядзельнай школы прыхода храма праведнага Іаана Кармянскага ў горадзе Гомелі, падзялілася праблемамі ў рабоце з бацькамі выхаванцаў, якія найбольш часта ўзнікаюць у працэсе працы на прыходзе. Аб тым, як правесці ўрок з выкарыстаннем элементаў тэатралізацыі, у прыватнасці — тэатральных лялек, распавяла Святлана Варсоба, выкладчык нядзельнай школы прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Гомелі.

У рамках семінара быў прэзентаваны для далейшага абмеркавання і карэкціроўкі макет аўтарскага дапаможніка для нядзельных школ выкладчыка нядзельнай школы прыхода храма свяціцеля Васілія Вялікага ў горадзе Жлобіне Алены Рабіцы.

Метадыст аддзела Таццяна Скачко распавяла аб прызначаным для кіраўнікоў і педагогаў нядзельных школ, валанцёраў дзіцячых і моладзевых праваслаўных аб'яднанняў, бацькоў і ўсіх, хто хоча арганізаваць працу з дзецьмі на прыходзе, вэбінары па тэме «Падлеткі ў нядзельнай школе: актуальныя формы работы», які адбудзецца 9 сакавіка 2018 года ў 19:00 пры падтрымцы Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Рускай Праваслаўнай Царквы. У праграме будуць абмяркоўвацца такія пытанні, як: павышэнне матывацыі падлеткаў; фарміраванне каманды, згуртаванне праз агульную справу; складанне цыкла або сістэмы заняткаў; прыклады гульняў і заданняў; бяспека і нарматыўная база. Для ўдзелу ў вэбінары неабходна зарэгістравацца па спасылцы http://pki.pravobraz.ru/vebinar.

Напрыканцы сустрэчы каардынатар аддзела адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі Наталля Басавец распавяла аб мерапрыемствах для нядзельных школ, якія будуць праводзіцца аддзелам у бліжэйшы час.

Гомельская епархія / Church.by