Семінар «Рэгенцкая справа: мінулае, сучаснасць, будучыня» прайшоў у Мінску

13 мая 2017

top.jpg

11 мая 2017 года па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у Мінскім духоўным вучылішчы адбыўся круглы стол-семінар «Рэгенцкая справа: мінулае, сучаснасць, будучыня».

Рэгенты і пеўчыя з усіх епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы прынялі ўдзел у сустрэчы.

— Сваёй мэтай мы перш за ўсё ставілі дапамогу малым прыходам, — распавёў дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча протаіерэй Іаан Задарожын. — Не сакрэт, што на малых прыходах часцяком не хапае кваліфікаваных пеўчых і регенцкіх кадраў. Вядома, моладзь з епархій паступае ў духоўнае вучылішча і навучаецца тут, многія рэгенты вучацца завочна... Але ёсць і такія кіраўнікі прыходскіх хораў, у якіх па розных прычынах няма магчымасці праходзіць сістэматычнае навучанне. Вось і ўзнікла ідэя правесці такі семінар, які дапамог бы рэгентам пагутарыць з калегамі і дакрануцца да вопыту прафесіяналаў. Задачай нашай сустрэчы была не справаздача аб дасягненнях, а сумленная размова аб праблемах і пошук шляхоў іх вырашэння.

Вітаючы ўдзельнікаў семінара, айцец Іаан пажадаў ім цікавай і плённай працы з дапамогай Божай. Пажадалі поспехаў тым, хто сабраўся, таксама настаяцель сталічнага прыхода храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» протаіерэй Ігар Карасцялёў і выкладчык МінДВ, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Таісія Міронава.

З дакладамі на семінары выступілі прызнаныя беларускія эксперты ў галіне мастацтва царкоўнага спеву: кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт БДАМ, выкладчык МінДВ Мікалай Шыманскі («Аб рытміцы богаслужбовых спеваў»), рэгент Усіхсвяцкага храма Мінска Наталля Багадаева («Практычныя парады па фарміраванню рэпертуару для розных саставаў царкоўных хораў»), магістр мастацтвазнаўства, рэгент прыхода храма Нараджэння Іаана Прадцечы ў Мінску, выкладчык МінДВ Вольга Суарэс («Асаблівасці арганізацыі хору ва ўмовах малых прыходаў. Праца з аматарскім калектывам»), рэгент прыхода храма іконы Божай Маці «Усецарыца» ў Мінску, выкладчык МінДВ Вольга Шолкова («Сінтэз традыцый выканання гласаў на прыкладзе працы Мінскага духоўнага вучылішча»), кіраўнік завочнай формы навучання рэгенцка-пеўчага аддзялення МінДВ, рэгент прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы в. Тарасава Галіна Раманюк («Духоўная спадчына рэгентаў ХХ стагоддзя»), рэгент святочнага хору Лізавецінскага жаночага манастыра ў Мінску манахіня Юліянія (Дзянісава) («Аб гарманізацыі царкоўных распеваў»), рэгент Петра-Паўлаўскага сабора Мінска, выкладчык МінДВ Людміла Куцелай («Некаторыя аспекты ўзаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы і Саюза музычных дзеячаў Беларусі»), рэгент святочнага хору прыхода храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» у Мінску, выкладчык БДАМ, кіраўнік камернага хору SALUTARIS Вольга Янум («Канцэртная дзейнасць прыхода. Падрыхтоўка да фестывалю»).

Протаіерэй Іаан Задарожын мяркуе, што такія сустрэчы маглі б стаць традыцыйнымі, а ў перспектыве — выйсці на міжнародны ўзровень.

— З'езд, або форум, рэгентаў Беларускай Праваслаўнай Царквы мог бы праводзіцца рэгулярна, і мы будзем звяртацца за благаславеннем на гэта да Патрыяршага Экзарха, — паведаміў ён. — У далейшым можна было б пашырыць фармат і запрашаць дакладчыкаў з Расіі, Украіны, іншых краін.

Тым часам Мінскае духоўнае вучылішча рыхтуецца да прытоку абітурыентаў. У ліпені стартуе ўступная кампанія. Падрабязная інфармацыя аб прыёме дакументаў і ўступных іспытах у хуткім часе з'явіцца на сайтах mindu.by і church.by.

— Калі мы прымаем дакументы, то перш за ўсё глядзім на чалавека, — дзеліцца выкладчык МінДВ матушка Вольга Шолкава. — Музычныя здольнасці, вядома, важныя, але самае галоўнае — гатоўнасць спасцігнуць богаслужэнне, сэнс царкоўных спеваў, радасць песеннай малітвы. А нам, як мне здаецца, важней за ўсё не адштурхнуць моладзь. Бо Царква — гэта сям'я. Значэнне маюць не толькі заняткі: лекцыі, практыка, якой у нас вельмі шмат, — але і сумесныя чаяванні, абмен думкамі, жывыя зносіны. Нашы студэнты — гэта нашы дзеці.

Завяршыўся семінар канцэртам з элементамі майстар-класа.

Фота: Sobor.by

Church.by