Сёстры міласэрнасці Лідскай епархіі абмеркавалі пытанні дапамогі псіханеўралагічным хворым
07 жніўня 20191-2 жніўня 2019 года па благаславенню епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя ў вёсцы Вялічкі Лідскага раёна прайшоў семінар-злёт сясцёр міласэрнасці Лідскай епархіі, прысвечаны тэме «Дапамога псіханеўралагічным хворым».
Мерапрыемства праходзіла на базе духоўна-асветніцкага цэнтра Архіерэйскага падвор'я. На семінар сабраліся сёстры міласэрнасці з Лідскага, Смаргонскага, Іўеўскага, Ашмянскага і Астравецкага благачынняў.
1 жніўня, у дзень памяці прападобнага Серафіма Сароўскага, сёстры міласэрнасці памаліліся за Бажэственнай літургіяй і здзейснілі хрэсны ход, пасля чаго адбылася сустрэча з кіраўніком аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Лідскай епархіі протаіерэем Уладзімірам Яромічам. Падчас гутаркі сёстры распавялі аб сацыяльнай дзейнасці ў парафіях, дзяліліся вопытам і праблемамі, шукалі шляхі іх пераадолення. Затым была прадстаўлена духоўна-асветніцкая праграма «Спявайце Богу нашаму — спявайце...», якую правяла сястра Раіса Кудраўцава, прыхаджанка лідскага храма Усіх святых.
2 жніўня ўдзельнікі семінара наведалі Мінойтаўскі дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых, дзе разам з жыльцамі ўзнеслі малітвы за богаслужэннем. Бажэственная літургія была здзейснена ў малітоўным пакоі інтэрната, узначаліў яе клірык храма Усіх святых іерэй Аляксандр Збераноўскі.
Дзень прадоўжыўся сустрэчай з псіхолагам, які распавёў пра спецыфіку працы з людзьмі, якія маюць інваліднасць. Супрацоўнікі інтэрната пазнаёмілі гасцей з жыццём насельнікаў, правялі экскурсію па майстэрнях і вучэбных класах. Затым гасцей запрасілі ў актавую залу, дзе насельнікі дома-інтэрната прадставілі невялікую канцэртную праграму.
Затым сёстры вярнуліся на архіерэйскае падвор'е, дзе сустрэліся з епіскапам Парфірыем. У ходзе сустрэчы духаўнік Свята-Еўфрасіннеўскага сястрыцтва протаіерэй Аляксій Глінскі расказаў аб сястрынскіх послухах ў Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы. Старэйшая сястра Свята-Васільеўскага брацтва Надзея Паўлоўская распавяла аб працы ў абласной псіханеўралагічнай бальніцы «Астроўля», а псіхолаг Вольга Гаршанава падзялілася вопытам работы ў карэкцыйна-развіваючым цэнтры горада Ліды.
Напрыканцы абмяркоўвалася тэма «Як стаць сястрой міласэрнасці. Шлях сёстры міласэрнасці». Уладыка Парфірый адказаў на пытанні сясцёр, падзякаваў ім за працу, пажадаў Божай дапамогі ў нясенні важнай місіі і любові ў сэрцы. Архіпастыр падкрэсліў, што любоўю трэба дзяліцца з бліжнімі, бо так, па слову апостала, магчыма выканаць Закон Хрыстовы. Таксама епіскап Парфірый уручыў прысутным камплекты духоўнай літаратуры і дапаможнікаў на дапамогу сацыяльным работнікам і сёстрам міласэрнасці.