Злёт дзяцей з прытулкаў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу прайшоў у Салтанаўшчыне

08 жніўня 2017

top.jpg

З 4 па 6 жніўня на тэрыторыі прыхода храма Святой Жыццепачатнай Троіцы аграгарадка Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна прайшоў злёт дзяцей з прытулкаў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.

Злёт сабраў 60 чалавек. За час мерапрыемства былі адслужаны дзве Літургіі, падчас якіх усе ўдзельнікі злёту прычасціліся Святых Хрыстовых Тайн.

Першае богаслужэнне адбылося ў суботу ў капліцы праведнай Сафіі Слуцкай у горадзе Нясвіжы.

— Пасля Літургіі і богаслужэння з акафістам святой Сафіі удзельнікі злёту азнаёміліся са славутасцямі старажытнага горада, — расказвае настаяцель Свята-Траецкага прыхода, кіраўнік злёту протаіерэй Алег Абрамовіч. — Пасля гэтага дзецям была прадастаўлена магчымасць пазабаўляцца на гульнявых пляцоўках і атракцыёнах. Асабліва ўсім запомніліся паездкі на «паравозіку» па парку і на «караблі вікінгаў» па возеры.

У нядзелю пасля Літургіі ў Свята-Траецкім храме былі праведзены гульні, конкурсы, спартландыя. Пераможцам і тым, хто вызначыўся, былі ўручаны падарункі. Двух рабят павіншавалі з днём нараджэння. Удзельнікі злёту разам спяклі тарты і сваімі рукамі склалі букеты кветак у падарунак сябрам. Адбыўся святочны канцэрт.

Нечаканым «дарам» для ўсіх стаў візіт у лагер гасцей са Святой Гары Афон (Грэцыя): іераманаха Якава з манастыра Сіманапетра і схіманаха Сафронія з абіцелі Новы Скіт. Суправаджаў святагорцаў арганізатар іх паездкі ў Беларусь — кіраўнік дабрачыннага фонду імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай Сяргей Генадзьевіч. Барташэвіч.

Візіт быў прымеркаваны да пятнаццацігоддзя лагера «Святая Русь», які традыцыйна праводзіцца прыходам храма Святой Жыццепачатнай Троіцы аграгарадка Салтанаўшчына.

Госці з цікавасцю агледзелі тэрыторыю лагера, прагледзелі відэаматэрыялы, прысвечаныя «Святой Русі», пагутарылі з удзельнікамі і арганізатарамі злёту.

Даведаўшыся аб тым, што ў Свята-Троіцкім храме адбудзецца хрышчэнне немаўлят, святагорцы выказалі жаданне саслужыць протаіерэю Алегу Абрамовічу падчас здзяйснення Таінства. На богаслужэнні гучалі малітвы як на царкоўнаславянскай, так і на грэчаскай мове.

— Для людзей, якія маліліся, такая служба стала незабыўным святам, у некаторых на вачах былі слёзы замілавання і радасці, — падзяліўся ўражаннямі айцец Алег.

Увечары таго ж дня для гасцей з Грэцыі была праведзена экскурсія па Нясвіжскаму замку.

Слуцкая епархія / Church.by