Са сцэны Белдзяржфілармоніі прагучала Евангелле на беларускай мове

07 красавіка 2019

top.jpg

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у рамках культурна-адукацыйнай праграмы Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла «Музычнае прынашэнне ў дні Вялікага посту» у вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся сімфанічны канцэрт, які адкрыў 35-ы музычны фестываль «Мінская вясна».

Галоўным музычным творам канцэрту стала сімфанічная араторыя «Страсці паводле Матфея» мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна (Алфеева). У аснову твора пакладзена апавяданне з Евангелля паводле Матфея, прысвечанае пакутам і смерці Хрыста. Чытанне фрагментаў Евангелля чаргуецца з музычнымі нумарамі-рэчытатывамі, хорамі і арыямі, тэксты якіх запазычаны, галоўным чынам, з праваслаўнага богаслужэння Страснога тыдня. Твор мітрапаліта Іларыёна стварае атмасферу малітоўнага і эмацыйнага суперажывання Госпаду Іісусу Хрысту, Які пакутуе, садзейнічае асэнсаванню Яго Крыжовай смерці.

У праграму канцэрта таксама ўвайшлі ўверцюра з оперы «Жыццё за цара» М. Глінкі і сімфанічная карціна «З Апакаліпсісу» А. Лядава.

Упершыню на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі прагучалі сімфанічныя антыфоны «Духоўная вайна» Беларускага царкоўнага кампазітара протаіерэя Андрэя Бандарэнкі (Гродна). Антыфоны прысвечаны святым царскім страстацерпцам.

Творы былі выкананы Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава, пры ўдзеле Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы (мастацкі кіраўнік Вольга Янум) і мітрапалічага хору Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора (рэгент Віталь Сабалеўскі). Евангельскі тэкст быў прачытаны на беларускай мове ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (тэкст чытаў Алег Вінярскі).

Church.by