Збор музея Мінскай духоўнай семінарыі папоўнілі новыя экспанаты
24 красавіка 201723 красавіка 2017 года калекцыя экспанатаў царкоўна-археалагічнага музея Мінскай духоўнай семінарыі папоўнілася новымі набыткамі. Музейны збор ўзбагаціўся кнігай выпускніка Мінскай духоўнай семінарыі 1849 года Івана Ігнатавіча Малышэўскага (1828-1897) «Заходняя Русь у барацьбе за веру і народнасць» (Санкт-Пецярбург, 1895). Пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Мінску аўтар набытай кнігі скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію, дзе пасля на працягу многіх гадоў з'яўляўся прафесарам.
Яшчэ адным новым набыццём стала кніга «Старажытнае паданне аб Жыровічах і цудатворным вобразе Жыровіцкай Божай Маці», выдадзеная ў Гродзенскай губернскай друкарні ў 1897 годзе. Прадмову да кнігі напісаў выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі свяшчэннік Леў Сямёнавіч Паеўскі (1850-1919), вядомы гісторык, археолаг, публіцыст. Кніга ўключае ў сябе нарыс гісторыі Жыровіцкай іконы і Жыровіцкага манастыра. У цяперашні час вывучаецца пытанне перавыдання кнігі выдавецтвам Мінскай духоўнай семінарыі.
Папоўніла збор семінарскага музея таксама фатаграфія Гродзенскага жаночага манастыра Нараджэння Багародзіцы пачатку ХХ стагоддзя, гісторыя якога цесна звязана з гісторыяй Жыровіцкай абіцелі. Пасля здзейсненай у 1915 годзе эвакуацыі Жыровіцкага манастыра ў ёй застаўся ўсяго толькі адзін насельнік — іераманах Аўксенцій, арыштаваны неўзабаве пасля прыходу нямецкіх войскаў. На працягу 1915-1918 гадоў будынкі кляштара зазнавалі рабаванне і апаганенне. З 1918 года пачалося аднаўленне абіцелі, чаму ў значнай ступені спрыялі насельніцы Гродзенскага манастыра; пасля вяртання з эвакуацыі яны на некалькі гадоў пасяліліся ў Жыровічах. Пасля закрыцця Гродзенскага манастыра Нараджэння Багародзіцы, які адбыўся ў 1960 годзе, значная частка яго насельніц зноў пасялілася пры Жыровіцкім манастыры, дзе яны пражывалі да пачатку 2000-х гадоў.
Усе нованабытыя экспанаты будуць прадстаўлены ў новых залах музея, якія рыхтуюцца да адкрыцця, прысвечаных знакамітым выпускнікам Мінскай духоўнай семінарыі і гісторыі Жыровіцкага Успенскага манастыра.
Царкоўна-гістарычны музей Мінскай духоўнай семінарыі быў адкрыты ў 2014 годзе па ініцыятыве рэктара архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя. Музейная экспазіцыя размешчана на першым паверсе навучальнага корпуса семінарыі і складаецца з трох залаў, прысвечаных гісторыі семінарыі, гісторыі беларускага царкоўнага мастацтва і гісторыі беларускага кнігадрукавання. Загадчык музея — прарэктар па навуковай рабоце А. В. Слесараў.