Адбылася прэзентацыя кнігі прарэктара МінДАіС А. В. Слесарава «Мартыралог Гомельскай епархіі. 1917-1953. Біяграфічны даведнік»

21 красавіка 2017

top.jpg

20 красавіка 2017 года ў Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. І. Герцэна адбылася прэзентацыя новай кнігі прарэктара па навуковай рабоце Мінскіх духоўных семінарыі і акадэміі дацэнта Аляксандра Валер'евіча Слесарава «Мартыралог Гомельскай епархіі. 1917-1953. Біяграфічны даведнік».

Выданне ўключае ў сябе гістарычны нарыс жыцця Гомельскай епархіі ў 1917-1953 гады, а таксама 282 біяграфічныя артыкулы пра рэпрэсаваных прадстаўнікоў духавенства і простых вернікаў, жыўшых і здзяйсняўшых сваё служэнне на тэрыторыі Гомельшчыны.

Вядучым імпрэзы выступіў насельнік Мікалаеўскага мужчынскага манастыра Гомеля архімандрыт Сава (Мажука), які прадставіў публіцы кнігу, яе аўтара і мадэраваў гутарку. У размове аб кнізе і апісанай у ёй эпосе прымалі ўдзел епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан, дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Віктар Адзіночанка, прыхаджане гарадскіх храмаў і прадстаўнікі гарадской грамадскасці. Удзельнічаў у абмеркаванні і пробашч касцёла Нараджэння Панны Марыі ў Гомелі ксёндз Славамір Ласкоўскі, паколькі тэма пацярпеўшых за веру ў Хрыста актуальная і для каталіцкай паствы.

Падчас прэзентацыі аўтар распавёў аб складаным працэсе напісання кнігі, які працягваўся каля дзесяці гадоў. Адказваючы на адно з пытанняў, ён падкрэсліў, што аднаўленне памяці пра рэпрэсаваных праваслаўных хрысціян не павінна суправаджацца палітызацыяй дадзенай тэматыкі. Мэтай стварэння мартыралогу бачылася вяртанне забытых імёнаў, што павінна спрыяць аднаўленню іх светлага вобразу ў свядомасці нашчадкаў. Але разам з тым Аляксандр Слесараў падкрэсліў, што хрысціянскае стаўленне да пакутнікаў выключае культываванне нянавісці да тых, хто ў сілу розных прычын мог апынуцца ў ліку іх праціўнікаў. Паводле яго пераканання, выхад мартыралога павінен спрыяць разважанням аб перадумовах царкоўнай трагедыі ХХ стагоддзя і прычыне шырокага развіцця ваяўнічага атэізму ў некалі праваслаўнай краіне.

У завяршэнне прэзентацыі Аляксандр Слесараў выказаў словы шчырай падзякі епіскапу Сцяфану за пастаянную цікавасць да даследчай працы і апекі аб выданні мартыралога, архімандрыту Амвросію (Шаўцову) і архімандрыту Саве (Мажука) — за падтрымку і дапамогу ў напісанні кнігі, нашчадкам свяшчэнніка Паўла Гінтаўта († 1933) — за прадастаўленыя фатаграфічныя матэрыялы, а таксама ўсім, хто аказваў садзейнічанне ў працэсе збору дакументальных матэрыялаў.

Епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан перадаў у дар Сетцы публічных бібліятэк горада Гомеля больш за 10 асобнікаў кніг. Адну з іх Аляксандр Слесараў падпісаў для «Музея аўтографа».

У дзень прэзентацыі публіка змагла азнаёміцца з некаторымі гістарычнымі дакументамі — рукапісамі былога епіскапа Гомельскага Ціхана (Шарапава) († 1937) і выставай «У цярплівасці — выратаванне», прысвечанай подзвігу навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Гомельскай.

МінДС / Church.by