Адбылася сустрэча епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія са школьнікамі Слуцкага раёна
13 красавіка 20218 красавіка 2021 года ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта «ШАГ» («Школа актыўнага грамадзяніна») адбылася сустрэча епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія з навучэнцамі VIII-XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Слуцкага раёна.
На гутарцы, прысвечанай тэме «Духоўныя і маральныя каштоўнасці: дыялог пакаленняў», прысутнічалі рабяты з ДУА «Сярэдняя школа № 6 горада Слуцка», дзе знаходзіцца абласны рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні, ДУА «Вежская сярэдняя школа», ДУА «Гацукоўская сярэдняя школа» і ДУА «Гольчыцкая сярэдняя школа».
Сустрэча прайшла ў драўляным храме, асвячоным у 2019 годзе ў гонар святога прападобнага Паісія Святагорца. Навучэнцы даведаліся, што храм ўяўляе сабой помнік страчаным святыням Случчыны. Сваімі абрысамі царква нагадвае слуцкі храм у гонар велікамучаніцы Варвары, згарэлы ў 1953 годзе.
Уладыка распавёў дзецям, што храм прападобнага Паісія на сённяшні дзень з'яўляецца самым вялікім праваслаўным храмам Слуцку, а яго галоўны звон — самым вялікім званом ў Беларусі (7,4 т). Званіца, названая ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца, з'яўляецца помнікам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Епіскап распавёў пра юбілейную дату — 435-годдзе з дня нараджэння святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, пра жыццёвы подзвіг гэтай угодніцы Божай. Архіпастыр падаў кожнаму прысутнаму магчымасць патрымаць у руках старадаўнюю рэліквію — крыж 1628 года, знойдзены пры рамонце кафедральнага сабора Архангела Міхаіла ў горадзе Слуцку.
Таксама школьнікі наведалі мемарыяльны сквер «Сэрца Бацькаўшчыны». Кожнае дрэва і кожны хмызняк тут з'яўляецца імянным: яго высадзілі ў памяць аб канкрэтным удзельніку Вялікай Айчыннай вайны.
Напрыканцы ўладыка адказаў на пытанні і ўручыў школьнікам і педагогам салодкія падарункі.