Адбыўся Агульны сход Мінскай епархіі
21 снежня 201720 снежня 2017 года ў канферэнц-зале гасцініцы «Беларусь» (горад Мінск) адбыўся Агульны сход Мінскай епархіі.
У прэзідыуме сходу прысутнічалі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі; Леанід Паўлавіч Гуляка, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў; архімандрыт Сергій (Брыч), кіраўнік спраў Мінскай Экзархіі; архімандрыт Сергій (Акімаў), рэктар Мінскай духоўнай акадэміі; протаіерэй Андрэй Волкаў, сакратар Мінскай епархіі, адказны сакратар Упраўлення спраў Мінскай Экзархіі.
У сходзе прынялі ўдзел: клірыкі Мінскай епархіі, ігуменні стаўрапігіяльных і епархіяльных манастыроў, кіраўнікі, выкладчыкі і навучэнцы духоўных навучальных устаноў, кіраўнікі і супрацоўнікі епархіяльных аддзелаў, кіраўнікі брацтваў і сястрыцтваў.
На сходзе прысутнічалі: намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах рэлігій галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Наталля Валер'еўна Калядчык; загадчыца сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ала Феафанаўна Мартынава.
Колькасць удзельнікаў сходу склала 262 чалавекі.
У адпаведнасці са Статутам Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (параграф V, пункт 26) сход узначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Намеснікам старшыні сходу быў абраны архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, сакратаром сходу — протаіерэй Андрэй Волкаў.
Для падпісання журналаў сходу былі абраны: архімандрыт Сергій (Акімаў), рэктар Мінскай духоўнай акадэміі, і протаіерэй Георгій Латушка, настаяцель Петра-Паўлаўскага сабора горада Мінска, благачынны 1-й Мінскай гарадской акругі.
Старшынёй рэдакцыйнай камісіі быў абраны протаіерэй Уладзімір Далгаполаў, першы прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі, старшынёй лічыльна-мандатнай камісіі — іерэй Антоній Куракевич, клірык прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага горада Мінска.
З прывітальнай прамовай да ўдзельнікаў сходу звярнуўся Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Паўлавіч Гуляка.
З дакладам аб жыцці і дзейнасці Мінскай епархіі ў 2017 годзе выступіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Архіпастыр распавёў аб асноўных царкоўных і царкоўна-грамадскіх падзеях адыходзячага года, аб стане спраў у сферы духоўнай адукацыі, аб бягучым стане і перспектывах моладзевага і сацыяльнага служэння ў Мінскай епархіі, а таксама нагадаў аб важнасці няўхільнага выканання пастаноў Асвячонага Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы, які адбыўся 29 лістапада — 2 снежня гэтага года ў Маскве.
Мітрапаліт Павел з задавальненнем адзначыў, што Архіерэйскі Сабор прыняў рашэнне пра агульнацаркоўнае праслаўленне вялікіх падзвіжнікаў зямлі Беларускай — свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага, і праведнага Іаана Гашкевіча, прасвітара Кармянскага.
Патрыяршы Экзарх паведаміў, што Архіерэйскі савет Мінскай мітраполіі і Епархіяльны савет Мінскай епархіі, зыходзячы са шматлікіх зваротаў веруючых людзей, вылучылі ініцыятыву здабыцця пачэсных мошчаў блажэннай Валянціны Мінскай. Удзельнікі Агульнага сходу Мінскай епархіі падтрымалі пажаданне вернікаў аб здабыцці мошчаў святой падзвіжніцы і пастанавілі пачаць збор подпісаў у падтрымку гэтай дзеі, важнай як для ўцаркоўленай часткі грамадства, так і для ўсяго народа Беларусі.
Мітрапаліт Павел праінфармаваў прысутных аб прапанове святароў 6-й Мінскай гарадской акругі пачаць збор сродкаў для адраджэння разбураных праваслаўных святынь Антыяхійскай Праваслаўнай Царквы і дапамогі жыхарам Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якія пацярпелі ад вайны з тэрарыстамі. Удзельнікі сходу падтрымалі ініцыятыву сабратоў-пастыраў. Збор сродкаў пачнецца ў бліжэйшы час. Згодна з рашэннем Патрыяршага Экзарха, ён пройдзе ў маштабах усёй Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У 2017-2019 гадах у Беларускім Экзархаце здзяйсняецца ўспамін знакавых для гісторыі беларускага Праваслаўя памятных юбілейных дат. У гэтым годзе ў Беларускай Праваслаўнай Царкве малітоўна ўспаміналі 300-годдзе з дня нараджэння свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага, а будучы год адзначаны успамінам 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з часу блажэннага скону мітрапаліта Віленскага і Літоўскага Іосіфа (Сямашкі).
У сувязі з гэтым увазе удзельнікаў Агульнага сходу Мінскай епархіі былі прапанаваны даклады ўдзельнікаў створанага рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 16 жніўня 2016 года (журнал № 31) Арганізацыйнага камітэта Беларускай Праваслаўнай Царквы па падрыхтоўцы і правядзенню юбілейных і памятных дат 2017-2019 гадоў.
Аляксандр Валер'евіч Слесараў, прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі, прадставіў даклад аб свяціцелі Георгіі (Каніскім), яго ролі ў справе абароны Праваслаўя і аб выніках памятных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 300-годдзя з дня нараджэння свяціцеля.
Протаіерэй Аляксандр Раманчук, сустаршыня Аргкамітэта Беларускай Праваслаўнай Царквы па падрыхтоўцы і правядзенню юбілейных і памятных дат 2017-2019 гадоў, выступіў з дакладам пра мітрапаліта Іосіфа (Сямашку) і аб маючых адбыцца юбілейных урачыстасцях 2018 года, прысвечаных памяці гэтага выдатнага царкоўнага дзеяча.
Паведамленне аб цяперашнім этапе падрыхтоўкі праекта будаўніцтва ў горадзе Мінску храма Уваскрасення Славутага і шматфункцыянальнага духоўна-асветніцкага комплексу будынкаў Мінскай Экзархіі зрабіў настаяцель прыхода храма Уваскрэсення Хрыстовага горада Мінска протаіерэй Георгій Арбузаў, каардынатар праекта.
Мітрапаліт Павел адказаў на паступіўшыя з залы пытанні.
У завяршэнне адбылося прыняцце выніковага дакумента Агульнага сходу Мінскай епархіі.