Адбылося адкрыццё летняга злёту моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы
15 ліпеня 201715 ліпеня 2017 года на базе лагера «Святая Русь» пры прыходзе храма Святой Жываначальнай Троіцы аграгарадка Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё летняга злёту моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Трохдзённы летні злёт праводзіцца па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Сінадальным аддзелам па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы пры падтрымцы аддзела па справах моладзі Слуцкай епархіі. Ганаровым госцем злёту з'яўляецца новапрызначаны старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы — епіскап Любярэцкі Серафім, вікарый Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
Цырымонія адкрыцця злёту сабрала разам маладых праваслаўных хрысціян з усіх епархій Беларускага Экзархату. Удзел у ёй прынялі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній; епіскап Любярэцкі Серафім; протаіерэй Іаан Задарожын, старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы; кіраўнікі епархіяльных аддзелаў Беларускага Экзархату па справах моладзі. На цырымоніі таксама прысутнічаў намеснік старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Аляксандр Іванавіч Майсеня.
Перад пачаткам цырымоніі мітрапаліт Павел наведаў Свята-Троіцкі храм аграгарадка Салтанаўшчына і пакланіўся яго святыням. Настаяцель прыхода протаіерэй Алег Абрамовіч, прафесійны педагог, ужо 15 гадоў працуе з моладдзю, з'яўляючыся арганізатарам і духаўніком лагера «Святая Русь».
Патрыяршы Экзарх звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, у якім, у прыватнасці, адзначыў, што цяперашні 2017 год для Рускай Праваслаўнай Царквы асаблівы: гэта год стагоддзя дзвюх мінуўшых рэвалюцый, стагоддзя з дня пачатку страшных ганенняў на Рускую Праваслаўную Царкву. смутны час пасля палітычных пераваротаў прывёў да страшных наступстваў. Сённяшняя моладзь, па словах мітрапаліта Паўла, павінна здабываць урокі як з адмоўнага гістарычнага вопыту, так і з набожнага жыцця нашых продкаў. Стаянне за веру ў Хрыста нават да смерці і святасць жыцця людзей тых часоў павінны стаць стрыжнем жыцця сучаснай моладзі.
Далей усіх прывітаў епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній. У сваім слове ўладыка заклікаў моладзь натхняцца прыкладам апостала і евангеліста Іаана Багаслова — самага малодшага з вучняў Збавіцеля. У дні Пакут Хрыстовых святы Іаан Багаслоў прадэманстраваў значна большую вернасць Хрысту, чым астатнія апосталы, прайшоў за сваім Настаўнікам нават на Галгофу. Яго прыклад вучыць нас быць бясстрашнымі вызнаўцамі веры Хрыстовай ад самага юнацтва.
Епіскап Антоній выказаў пашану і падзяку старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Івану Іванавічу Крупко за падтрымку сацыяльна значных ініцыятыў Царквы.
Затым з прывітальным словам звярнуўся епіскап Любярэцкі Серафім, які падкрэсліў, што маладзёжнае служэнне — адно з самых перспектыўных напрамкаў царкоўнага і грамадскага развіцця. Менавіта ад стану моладзі залежыць як сучаснасць, так і будучыня нашых народаў. Уладыка таксама адзначыў, што ў Беларусі праходзіць «водападзел» гістарычны, культуралагічны, светапоглядны і духоўны. Шмат у чым ад таго, наколькі глыбокая вера ў беларускай моладзі, наколькі беларусы адданыя сваім духоўным карням і традыцыям, залежыць будучыня ўсёй Святой Русі.
Архіпастыры адказалі на пытанні моладзі.
Настаяцель Свята-Троіцкага храма аграгарадка Салтанаўшчына айцец Алег Абрамовіч: «Адбылася падзея, якой мы ўсе чакалі, якая нам была падаравана ўладыкам мітрапалітам Паўлам. 15 гадоў як наш прыход займаецца гэтым мерапрыемствам — турыстычным праваслаўным злётам «Святая Русь». Ёсць ужо база. Толькі ў гэтым годзе ў нас пройдзе каля 9 мерапрыемстваў: злётаў, лагераў — і пеўчы і турыстычны. Цяпер тут упершыню прайшоў злёт моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, а ў жніўні адбудзецца злёт моладзі Слуцкай епархіі».
Мітрапаліт Павел азнаёміўся з умовамі пражывання ўдзельнікаў злёту і даў ім высокую ацэнку.
Пасля гэтага Патрыяршы Экзарх у суправаджэнні епіскапа Серафіма і епіскапа Антонія накіраваўся ў горад Нясвіж, дзе яны наведалі храм Увазнясення Гасподняга, асвечаны ў 2016 годзе. Архіерэяў сустрэў настаяцель прыхода, благачынны Нясвіжскай акругі Слуцкай епархіі протаіерэй Аляксандр Данчанка разам са шматлікай паствай. Мітрапаліт Павел агледзеў храм, пакланіўся яго святыням, выказаў падзяку настаяцелю, кіраўніцтву раёна і горада, а таксама парафіянам за старанныя працы ў справе будавання дома Божага і падаў усім архіпастырскае благаславенне.
Далей мітрапаліт Павел, епіскап Серафім і епіскап Антоній наведалі храм велікамучаніка Георгія Перамаганосца. Сустрэў архіпастыраў настаяцель прыхода протаіерэй Яўген Лабынько. Уладыка Экзарх азнаёміўся з гісторыяй храма, уладкаваннем царкоўна-прыходскага дома і зместам духоўна-асветніцкіх моладзевых праектаў, што рэалізуюцца ў прыходзе.