Адбыўся архіпастырскі візіт Патрыяршага Экзарха ў Тураўскую епархію
22 лістапада 202022 лістапада 2020 года, у Нядзелю 24-ю пасля Пяцідзесятніцы і свята іконы Божай Маці, названай «Скорапаслушніца», адбыўся архіпастарскі візіт мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у Тураўскую епархію.
Візіт Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы быў прымеркаваны да адзначаемага ў 2020 годзе 1015-годдзя ўтварэння Тураўскай епархіі, а таксама 5-годдзя знаходжання ў кафедральным саборы святога Архангела Міхаіла ў горадзе Мазыры дакладнай копіі абраза Божай Маці «Скорапаслушніца», напісанай на Святой Гары Афон у манастыры Дахіяр спецыяльна для Тураўскай епархіі.
Цэнтральным момантам урачыстасцяў стала Бажэственная літургія ў Міхайлаўскім кафедральным саборы Мазыра, якую ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін у саслужэнні епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда.
Архіпастырам саслужылі: благачынны Калінкавіцкай акругі, намеснік Юравіцкага мужчынскага манастыра Нараджэння Багародзіцы ігумен Аўксенцій (Абражэй); благачынны Лельчыцкай акругі, настаяцель прыхода храма Святой Жыццепачатнай Тройцы ў гарадскім пасёлку Лельчыцы протаіерэй Алег Несцярэня; благачынны Мазырскай сельскай акругі, настаяцель прыхода храма прападобнага Сергія Раданежскага ў горадзе Мазыры протаіерэй Генадзь Несцярэня; ключнік кафедральнага сабора святога Архангела Міхаіла ў горадзе Мазыры протаіерэй Аляксандр Шылянок; благачынны Тураўскай акругі, ключнік прыхода кафедральнага сабора святых Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх ў горадзе Тураве протаіерэй Васіль Пыцель; духаўнік Хойніцкага Пакроўскага жаночага манастыра іераманах Павел (Палын); настаяцель прыхода храма святога велікамучаніка Георгія ў горадзе Мазыры протаіерэй Валерый Півавараў; настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў горадзе Мазыры протаіерэй Сергій Шаўчэнка; настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» у мікрараёне «Чыгуначны» горада Мазыра іерэй Аляксандр Бушлякоў і духавенства сабора.
Спевы Бажэственнай літургіі выканалі дзіцячы вакальны ансамбль «Рэха» і выхаванцы нядзельнай школы Міхайлаўскага сабора пад кіраўніцтвам Юліі Дударавай.
За Літургіяй былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб збаўленні ад шкоднай пошасці і дараванні міру беларускаму народу.
За богаслужэннем прысутнічалі: намеснік старшыні Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Мілер, намеснік старшыні Калінкавіцкага раённага выканаўчага камітэта Надзея Судас, рэктар УА «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна» Валерый Наўныка, начальнік Мазырскага пагранічнага атрада палкоўнік Алег Эйбатаў, начальнік папраўчай установы «Папраўчая калонія № 20» палкоўнік унутранай службы Віталь Шаламіцкі і іншыя госці.
Пасля заамвоннай малітвы Патрыяршы Экзарх і саслужачыя яму святары здзейснілі слаўленне Прасвятой Багародзіцы перад іконай Яе, названай «Скорапаслушніца».
Пасля адпуста Бажэственнай літургіі было абвешчана ўстаўное мнагалецце.
Затым епіскап Леанід звярнуўся са словам прывітання да мітрапаліта Веніяміна, сардэчна падзякаваўшы Яго Высокапраасвяшчэнству за радасць сумесных малітоўных зносін і за наведванне старажытнай Тураўскай епархіі. На малітоўную памяць ўладыка Леанід уручыў Патрыяршаму Экзарху абраз Божай Маці «Скорапаслушніца».
Пасля ўладыка Экзарх уручыў царкоўныя ўзнагароды прадстаўленых да ўзнагароджання міранам.
Мітрапаліт Веніямін звярнуўся да вернікаў са словам пропаведзі і падаў усім прысутным архіпастырскае благаславенне.
На малітоўную памяць Патрыяршы Экзарх паднёс у дар епіскапу Леаніду Мар'інагорскі абраз Божай Маці.
У будынку Тураўскага епархіяльнага ўпраўлення ўладыка Веніямін сустрэўся з прадстаўнікамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.
У другой палове дня ў гарадскім Палацы культуры Мазыра адбылася сустрэча Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі з духавенствам Тураўскай епархіі, падчас якой уладыка Веніямін адказаў на пытанні святароў. Кожнаму клірыку Тураўскай епархіі Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы ўручыў кнігу «Я гатовы...», прысвечаную жыццю і подзвігу за Хрыста пацярпелага протаіерэя Іаана Васторгава (1867 — 1918).
Затым Патрыяршы Экзарх у суправаджэнні епіскапа Леаніда накіраваўся ў Юравічы, дзе агледзеў комплекс мужчынскага манастыра Нараджэння Багародзіцы і азнаёміўся з ходам рамонтна-аднаўленчых работ у будынку сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, якая з'яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя. У дамавым манастырскім храме ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага мітрапаліт Веніямін пакланіўся цудатворнай іконе Прасвятой Багародзіцы, названай «Юравіцкая-Міласэрная», якая з'яўляецца адной з галоўных святынь Палескага краю. На малітоўную памяць аб наведванні манастыра ў Юравічах ігумен Аўксенцій (Абражэй) паднёс у дар Патрыяршаму Экзарху пісаны абраз Божай Маці «Юравіцкі».