Адбыўся хрэсны ход на Навагрудскую галгофу

04 кастрычніка 2020

top.jpg

3 кастрычніка адбыўся хрэсны ход на Навагрудскую галгофу — месца мучаніцкай смерці протаіерэя Мікалая Нядзвецкага, па-зверску забітага ў 1939 годзе. У хрэсным ходзе прынялі ўдзел і мінчане-прыхаджане храма іконы Божай Маці «Няўпіўная Чаша», якія ўжо не ўпершыню прыязджаюць ушанаваць памяць пацярпелага за веру святара.

У гэты дзень у храм Успення Прасвятой Багародзіцы вёскі Ваўковічы Навагрудскага раёна на Бажэственную літургію сабраліся святары Навагрудскага і Карэліцкага благачынняў і паломнікі.

Па заканчэнні богаслужэння на могілках ля магілы протаіерэя Мікалая Нядзвецкага была здзейснена ліція, пасля чаго хрэсны ход, узначалены благачынным Навагрудскай акругі протаіерэем Анатолем Герасімуком, накіраваўся на месца катаванняў і смерці айца Мікалая. Там была адслужана паніхіда.

Айцец Мікалай Нядзвецкі з 1921 года служыў у вёсцы Ваўковічы на Навагрудчыне. Старажылы адгукаліся пра яго як пра чалавека інтэлігентнага і добрага пастыра. Людзі яго паважалі.

У верасні 1939 года мясцовыя актывісты, сябры падпольнай партыйнай ячэйкі, вывелі бацюшку са звязанымі рукамі на вуліцу і павялі праз Ваўковічы ў бок лесу. Святара не проста вялі, а збівалі, вырывалі валасы, жалезным дубцом білі па баках, ламаючы рэбры. У вёсцы Амневічы бандыты прымусілі айца Мікалая ўстаць на карачкі і па чарзе ехалі на ім верхам. Збочыўшы на Касьянаў хутар, каты на два дні замкнулі параненага святара ў падвале. На трэці дзень айца Мікалая павялі на высокую лясістую гару. Тут пасля нечалавечых здзекаў святара забілі. З тых часоў людзі называюць гэта месца Навагрудскай галгофай.

Хрэсны ход на месца мучаніцка смерці айца Мікалая Нядзвецкага здзяйсняецца штогод у першую суботу пасля Уздзвіжання Крыжа Гасподняга. Пачатак шэсцям быў пакладзены ў 2009 годзе па благаславенню архіепіскапа Навагрудскага Гурыя.

Church.by