Адбыўся злёт выхаванцаў нядзельных школ Полацкай епархіі

06 лістапада 2020

top.jpg

1 лістапада ў горадзе Паставы адбыўся злёт выхаванцаў нядзельных школ Полацкай епархіі, прысвечаны 800-годдзю з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, які насіў назву «Не ў сіле Бог, а ў праўдзе».

На Пастаўскай зямлі сабралася каля ста рабят і выкладчыкаў з нядзельных школ горада Наваполацка, вёскі Багатырская, горада Браслава, вёскі Богіна, горада Глыбокае, аграгарадка Язна, аграгарадка Арэхаўна і горада Паставы.

Самым важным момантам злёту стаў сумесны ўдзел у святочнай Бажэственнай літургіі, якую ўзначаліў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. У пропаведзі ўладыка Ігнацій адзначыў важнасць такіх сустрэч, якія даюць магчымасць адчуць радасць зносін.

Далей дзяўчат і хлопцаў чакалі займальныя заданні гісторыка-патрыятычнага квэста «Правілы жыцця святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага». Удзельнікам неабходна было па падказцы здагадацца, дзе іх чакае кожнае выпрабаванне, і годна яго прайсці. Дзеці разгадвалі рэбусы, праглядалі ўрыўкі з фільма і адказвалі на пытанні віктарыны. Рабяты знаёміліся з укладам жыцця і адзеннем воінаў XIII стагоддзя, шукалі ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца старажытны абраз святога Аляксандра Неўскага і збіралі са слоў адно з яго вядомых выказванняў: «Не ў сіле Бог, а ў праўдзе. Адны — са зброяй, іншыя — на конях, а мы Імя Госпада Бога нашага заклічам!» У дзяцей была магчымасць паказаць свае веды, праявіць кемлівасць, а таксама ўмацаваць камандны дух.

Лепшыя вынікі паказалі каманды нядзельных школ: сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы горада Глыбокае (1 месца), храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Богіна і Успення Прасвятой Багародзіцы горада Браслава (2 месца), храма велікамучаніцы Параскевы Пятніцы аграгарадка Арэхаўна (3 месца).

У другой палове дня мерапрыемства працягнулася ў Доме культуры, у фае якога была прадстаўлена выстава конкурсных работ «Жыццё нядзельных школ Полацкай епархіі».

Лепшымі былі прызнаны фотакалажы нядзельных школ храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Богіна (1 месца), храма Успення Прасвятой Багародзіцы горада Браслава (2 месца), сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы горада Глыбокае (3 месца).

Затым удзельнікі злёту наведалі адкрыты ўрок «Хрысціянскі подзвіг святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага». Выхаванцы нядзельнай школы пры Пастаўскім храме свяціцеля Мікалая Цудатворца пастараліся раскрыць глыбіню вобраза святога, звярнуць асаблівую ўвагу на яго высокія маральныя якасці. Вынікам урока стала складанне сінквейна, у якім рабяты адзначылі якасці Аляксандра Неўскага: мужны, адважны воін, абараняе, перамагае, умее дамаўляцца, з'яўляецца вялікім угоднікам Божым.

З прывітальным словам да дзяцей звярнуўся епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Разам з настаяцелем храма свяціцеля Мікалая Цудатворца протаіерэем Валерыем Пашкевічам уладыка ўручыў удзельнікам злёту дыпломы і падарункі.

«Кубак Сяброўства» — пад такой назвай прайшлі вясёлыя спартыўныя спаборніцтвы. Пераможцамі сталі рабяты з Глыбокага (каманда «Дружба»), другі вынік у ўдзельнікаў з Язна (каманда «Сокал»), трэці — у удзельнікаў з Браслава і Богіна (каманда «Дружына»).

Фінальным акордам дня пасля прагулкі ў гарадскім парку і сытнай вячэры сталі сяброўскія нефармальныя зносіны.

Вынікі злёту падвёў кіраўнік епархіяльнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі іерэй Аляксандр Козел. Ён падзякаваў рабятам і педагогам за актыўны ўдзел у мерапрыемстве, а таксама выказаў надзею на тое, што нядзельныя школы будуць імкнуцца ствараць для дзіцяці ўсе неабходныя ўмовы, у якіх можна не толькі маліцца і вучыцца, але і з цікавасцю праводзіць вольны час, знаходзячы сабе сяброў, блізкіх па духу.

Полацкая епархія / Church.by