Адбыўся традыцыйны хрэсны ход на Навагрудскую галгофу
02 кастрычніка 201730 верасня адбыўся штогадовы хрэсны ход на Навагрудскую галгофу. Багамольцы накіраваліся ў вёску Ваўковічы Навагрудскага раёна, каб ушанаваць памяць протаіерэя Мікалая Нядзведскага, па-зверску закатаванага багаборцамі ў 1939 годзе.
У шэсці прынялі актыўны ўдзел парафіяне і выхаванцы нядзельнай школы мінскага прыхода храма ў гонар іконы Божай Маці «Няўпіўная Чаша». Узначаліў паломніцкую групу настаяцель прыхода протаіерэй Дыянісій Пясецкі.
У храме Успення Найсвяцейшай Багародзіцы вёскі Ваўковічы была здзейсненая Бажэственная літургія, якую па благаславенню архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя ўзначаліў благачынны Навагрудскай акругі протаіерэй Анатоль Герасімук.
Айцу благачыннаму саслужылі: настаяцель Успенскага храма іерэй Андрэй Абрамовіч, благачынны Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса, настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Неўпіўная Чаша» горада Мінска протаіерэй Дыянісій Пясецкі, клірыкі Навагрудскага і Карэліцкага благачынняў.
У храме маліліся: навагрудцы і мясцовыя жыхары, паломнікі і госці з Мінска, гарадскога пасёлка Карэлічы, выхаванцы нядзельных школ і кадэцкіх класаў сярэдняй школы № 7 горада Навагрудка.
Па заканчэнні Літургіі адбылася агульная трапеза, а затым хрэсны ход прайшоў ад храма да магілы протаіерэя Мікалая Нядзведскага, дзе была здзейсненая ліція. Далей хрэсны ход накіраваўся на Навагрудскую галгофу — лясістае ўзвышша ў шасці кіламетрах ад Ваўковічаў, дзе айцец Мікалай прыняў пакутніцкую смерць. Там была здзейснена паніхіда па нявінна забітым пастыры Царквы Хрыстовай.
* Протаіерэй Мікалай Нядзведскі нарадзіўся ў 1890 годзе. З 1921 года служыў настаяцелем Успенскага храма ў сяле Ваўковічы, якое ўваходзіла тады ў склад Польшчы. Яшчэ ў пачатку 1930-х гадоў, прадбачачы смутныя часы, многія заходнебеларускія святары сталі з'язджаць далей ад мяжы. Айцец Мікалай разам з матушкай і прыёмнай дачкой застаўся на сваім прыходзе.
Восенню 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да БССР. У канцы верасня актывісты мясцовай партыйнай ячэйкі ўварваліся ў дом Нядзведскіх, вывелі айца Мікалая са звязанымі рукамі на вуліцу і павялі, збіваючы, па вёсках. У вёсцы Амневічы бандыты прымусілі святара ўстаць на карачкі і па чарзе ехалі на ім верхам.
Згарнуўшы на Касьянаў хутар, бязбожнікі на два дні замкнулі параненага святара ў сутарэнні. На трэці дзень айца Мікалая павялі на высокі лясісты пагорак, дзе прымусілі капаць сабе магілу, а затым забілі. Менавіта гэты пагорак вернікі называюць Навагрудскай галгофай. У 2009 годзе па благаславенню архіепіскапа Гурыя рэжысёр Святлана Дземчанка зняла аднайменны дакументальны фільм, дзякуючы якому трагічныя падзеі 70-гадовай даўніны сталі вядомыя за межамі Навагрудчыны. Тады ж зарадзілася традыцыя праводзіць штогадовы хрэсны ход на месца пакутніцкага скону протаіерэя Мікалая Нядзведскага.