Адбыўся візіт Патрыяршага Экзарха ў Магілёўскую епархію

15 чэрвеня 2018

top.jpg

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы, 14 чэрвеня 2018 года Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці наведалі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній і Юрый Васільевіч Шамалаў, генеральны дырэктар ТАА «Газпром флот», ураджэнец вёскі Андраны Мсціслаўскага раёна.

Візіт пачаўся з наведвання капліцы вялікамучаніка Георгія Перамаганосца і свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Андранах, збудаванай год назад намаганнямі сямейства Шамалавых.

Высокіх гасцей сустрэлі: старшыня Мсціслаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Іванавіч Пракопаў і намеснік старшыні райвыканкама Ігар Аляксандравіч Мельнікаў.

Патрыяршы Экзарх узначаліў у капліцы падзячны малебен і па просьбе вернікаў здзейсніў малебен аб дараванні дажджу, а затым пагутарыў з жыхарамі аграгарадка.

Юрый Шамалаў правёў для архіпастыраў невялікую экскурсію па значных і дарагіх для яго мясцінах, дзе ён нарадзіўся і вырас. Затым усе ўдзельнікі сустрэчы ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і ля помніка землякам абвясцілі «Вечную памяць». Генеральны дырэктар ТАА «Газпром флот» з трапятаннем распавёў пра свайго дзеда, які ў 1944 годзе загінуў у раёне горада Чавусы. Імёны яшчэ семярых сваякоў Юрыя Васільевіча выгравіраваны на помніку.

Затым высокія госці накіраваліся ў горад Мсціслаў.

У Аляксандра-Неўскім кафедральным саборы гасцей сустрэлі святары і прыхаджане. Мітрапаліт Павел пагутарыў з вернікамі, падзякаваў за цёплы прыём і пажадаў усім дапамогі Божай ва ўсіх добрых справах.

Затым мітрапаліт Павел, архіепіскап Сафроній, Юрый Шамалаў, кіраўнік раёна і прыбыўшыя госці наведалі храм у гонар Тупічоўскай іконы Божай Маці, духоўна-асветніцкі цэнтр пры храме ў гонар прападобнага Сілуана Афонскага і Успенскі Пустынскі мужчынскі манастыр.

Church.by

Фотарэпартаж