Найстарэйшы храм Вілейшчыны ў вёсцы Кастыкі і адзіны ў Беларусі ў памяць 40 мучанікаў Севасційскіх адзначыў 265 гадоў з дня асвячэння
22 сакавіка 2021Старэйшы храм Вілейшчыны ў вёсцы Кастыкі і адзіны ў Беларусі ў памяць 40 мучанікаў Севасційскіх адзначыў 265 гадоў з дня асвячэння.
Царква была пабудавана ў 1756 годзе на сродкі гаспадара маёнтка Міхаіла Адама Слізня. Да 1839 года царква была ўніяцкай, з 1873 года — прыпісная пры Камень-Спаскай царкве. Апошнія запісы ў царкоўных дакументах датуюцца лютым 1962 года. Хутчэй за ўсё, менавіта ў гэты час храм у Кастыках быў зачынены, але не апаганены. Царкву не перадалі пад сельскі клуб або склад, і мясцовыя жыхары, як маглі, таемна і відавочна засцерагалі сваю святыню.
Улетку 1989 года, пасля амаль 30 гадоў забыцця, царква зноў расчыніла свае дзверы парафіянам. Гэта быў адзін з першых храмаў, адкрытых і асвячоных у Беларусі пасля доўгага разбуральнага ганення на рэлігію.
У нашы дні царква 40 мучанікаў Севасційскіх у вёсцы Кастыкі знаходзіцца на пастырскім акармленні іерэя Валянціна Пешкі, настаяцеля храма Святога Духа ў вёсцы Рэчкі, благачыннага Даўгінаўскай царкоўнай акругі Маладзечанскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У 2016 годзе, да 260-годдзя асвячэння храма, са святой гары Афон прывезлі часціцу мошчаў 40 мучанікаў Севасційскіх, а настаяцелю храма іерэю Валянціну Пешку падарылі абраз гэтых святых.
Царква 40 мучанікаў Севасційскіх у вёсцы Кастыкі ўяўляе сабой помнік драўлянага народнага дойлідства з элементамі класіцызму, храм уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Фота: peramoga.by
peramoga.by/Афіцыйны акаўнт БПЦ у сацыяльнай сетцы Instagram/Church.by