Студэнты БДУ пазнаёміліся з працай майстэрняў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі

05 кастрычніка 2020

top.jpg

2 кастрычніка студэнты IV курса факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта наведалі Мінскі прыход іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць». Суправаджаў маладых людзей старшы выкладчык Андрэй Жэнеўскі.

Экскурсію для студэнтаў з наведваннем саборнага храма і сацыяльных майстэрняў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі правёў настаяцель прыхода протаіерэй Ігар Карасцялёў.

— Для нас гэта цікавы досвед. І гэтая сустрэча для нас была вельмі інфарматыўнай. Нам распавялі, як тут працуюць з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта выдатна, што іх падтрымліваюць і паказваюць, што ў іх нешта атрымліваецца і што яны карысныя, — падзялілася ўражаннямі Алеся Лысая.

Асаблівую цікавасць выклікаў падыход да сацыяльнага служэння ў Праваслаўнай Царкве. Госці даведаліся, як у прыходзе арганізавана праца з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, пра работу сястрыцтва і акармленне адзінокіх і пажылых людзей, маламаёмных і шматдзетных сем'яў, пацыентаў пратэзна-артапедычнага шпіталя.

— Я сацыяльны псіхолаг, і мне было цікава даведацца, як вера можа змяніць чалавека. Гэта як адна з галін псіхалагічнай дапамогі. У цэлым, калі казаць пра гэтае месца, гэта, напэўна, адно з самых добрых месцаў, дзе я была ў апошні час, — адзначыла Аляксандра Дзевачка.

— Мне спадабалася прадукцыя, якую вырабляюць сваімі рукамі супрацоўнікі майстэрняў. Асабліва спадабаліся свечкі, — дадала Сцепаніда Скіндэр.

Запомнілася маладым людзям і нефармальная гутарка з настаяцелем — адкрытая размова пра шлях да Бога, веру і служэнне.

Sobor.by / Church.by