Студэнты Мінскай духоўнай семінарыі прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме, прысвечаным 75-годдзю з дня трагічнай гібелі 113 чалавек

25 верасня 2017

top.jpg

75 гадоў таму, у 1942 годзе, ва ўрочышчы Андрэева Слонімскага раёна нацыстамі былі зажыва спалены 73 жыхары трох вёсак: Заверша, Загор'е і Залессе. Праз два месяцы пасля гэтага акупанты расстралялі яшчэ 40 мясцовых жыхароў: дзяцей, жанчын і старых. Гэтыя ахвяры таксама былі пахаваны ва ўрочышчы.

22 верасня ў Андрэева прайшоў мітынг-рэквіем з нагоды жалобнай даты. Арганізатарам мітынгу выступіў дэпутат раённага Савета дэпутатаў В. В. Афанасік. У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты Мінскай духоўнай семінарыі, Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа і навучэнцы Жыровіцкай сярэдняй школы.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама Н.М. Грасевіч падзякавала В. В. Афанасіку за падрабязны аповед пра трагічныя падзеі 1942 года, за арганізацыю мерапрыемства і пажадала прысутным ніколі не забываць аб тым, што адбылося на Слонімскай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Старшыня Жыровіцкага сельскага выканаўчага камітэта Д. В. Нагула распавёў аб рабоце па добраўпарадкаванні помніка ахвярам акупантаў і выказаў надзею, што маладое пакаленне будзе беражліва ставіцца да міру і стабільнасці ў нашай краіне.

Благачынны Слонімскай акругі протаіерэй Вадзім Пятліцкі узнёс малітву аб спачыне нявінна забітых і заклікаў прысутных ушанаваць іх памяць хвілінай маўчання.

МінДС / Church.by