Свяшчэннаслужыцелі Беларускай Праваслаўнай Царквы сталі ўдзельнікамі сустрэчы ў БДУ прадстаўнікоў вядучых канфесій Беларусі
14 мая 202113 мая 2021 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце прайшла сустрэча прадстаўнікоў вядучых канфесій Беларусі. Галоўны ўніверсітэт краіны наведалі прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, доктар тэалогіі, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў), настаяцель прыхода іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» протаіерэй Ігар Карасцялёў, дырэктар нядзельнай школы прыхода «Усіх тужлівых Радасць» — протадыякан Яраслаў Блізнюк. Рымска-каталіцкую царкву прадстаўлялі епіскап Казімір Велікаселец, апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і настаяцель касцёла Маці Божай Будслаўскай. Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел служыцелі Саборнай мячэці, сінагогі Бэйс Ісраэль.
Прадстаўнікі канфесій сустрэліся з кіраўніцтвам, выкладчыкамі і студэнтамі БДУ. Для гасцей арганізавалі экскурсійную праграму.
Свяшчэннаслужыцелі наведалі Музей гісторыі БДУ, даведаліся аб асноўных этапах станаўлення першага ўніверсітэта Беларусі, пазнаёміліся з архіўнымі дакументамі, звязанымі з векавой гісторыяй ВНУ. У зале Фундаментальнай бібліятэкі наведвальнікам прадставілі ўнікальныя дарэвалюцыйныя рэлігійныя экспанаты з аддзела рэдкай кнігі. Сярод іх — стараверскае выданне XVI стагоддзя, Трыёдзь цвятная 1768 года, багаслоўскія часопісы, мініяцюрныя кнігі. Таксама адбылася перадача рэлігійных выданняў для папаўнення фонду Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.
Візіт у БДУ прайшоў у рамках праекта «Год народнага адзінства», які праводзіцца ва ўніверсітэце з сакавіка бягучага года. Праграма праекта ўключае цыкл мерапрыемстваў — наведванне храмаў, сустрэчы з іх прадстаўнікамі, дабрачынныя акцыі, спартыўныя турніры і інш. Арганізатарам мерапрыемства выступае гістарычны факультэт БДУ.