Свяцейшы Патрыярх Кірыл прыбыў у Мінск
13 кастрычніка 201813 кастрычніка 2018 года пачаўся пяты Першасвяціцельскі візіт Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў межы Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У аэрапорце Мінска Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы сустракалі: Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел; намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь І. В. Петрышэнка; упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Л. П. Гуляка; Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь М. В. Бабіч; прадстаўнікі епіскапату і духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Свяцейшы Патрыярх Кірыл, звяртаючыся ў аэрапорце да прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, сказаў:
«Я прыбыў у Мінск, на блізкую майму сэрцу беларускую зямлю, у год 1030-годдзя Хрышчэння Русі. І ў сувязі з гэтай выдатнай падзеяй - святкаваннем круглай гадавіны нашай агульнай хрысціянскай гісторыі - было прынята рашэнне правесці ў Мінску пасяджэнне Свяшчэннага Сінода. Гэта першае ў гісторыі нашай Царквы пасяджэнне на беларускай зямлі.
Нам трэба будзе вырашыць вельмі шмат важных пытанняў, у тым ліку і адрэагаваць на тое, што сёння адбываецца ў сям'і Праваслаўных Цэркваў, і на тую сітуацыю, якая складваецца на Украіне. Спадзяюся, што Праваслаўная Царква знойдзе ў сабе сілы пераадолець тыя крызісныя з'явы, якія існуюць, захаваць сваё адзінства, так неабходнае для духоўнага адраджэнне нашых народаў.
Хай благаславенне Божае знаходзіцца над Беларускай зямлёй».
У паездцы Свяцейшага Патрыярха суправаджаюць: кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій; старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў мітрапаліт Валакаламскі Іларыён; кіраўнік адміністрацыйнага Сакратарыята Маскоўскай Патрыярхіі архіепіскап Сонечнагорскі Сергій; в.а. кіраўніка Службы Патрыяршага пратакола протаіерэй Андрэй Бандарэнка; кіраўнік прэс-службы Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі святар Аляксандр Волкаў.
Сустрэча Свяцейшага ўладыкі з беларускай паствай прымеркавана да 1030-годдзя Хрышчэння Русі і свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
13 кастрычніка Прадстаяцель Рускай Царквы здзейсніў вячэрняе богаслужэнне ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска.
14 кастрычніка, у свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, Свяцейшы Патрыярх Кірыл правядзе ў сталіцы Рэспублікі Беларусь чын вялікага асвячэння храма-помніка ў гонар Усіх святых, узначаліць ў новаасвячаным храме служэнне першай Літургіі, а таксама ўскладзе вянок да абеліска Перамогі ў Мінску.
15 кастрычніка Свяцейшы Патрыярх Кірыл сустрэнецца ў Палацы Незалежнасці з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам. У той жа дзень у Мінскім епархіяльным упраўленні адбудзецца пасяджэнне Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.