Свяцейшы Патрыярх Кірыл сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Святога Прастола кардыналам П'етра Паралінам

23 жніўня 2017

2P20170822-VSN_8354-1200.jpg

22 жніўня 2017 года ў Патрыяршай і Сінадальнай рэзідэнцыі ў Данілавым манастыры ў Маскве адбылася сустрэча Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з Дзяржаўным сакратаром Святога Прастола кардыналам П'етра Паралінам.

З боку Рымска-Каталіцкай Царквы ў сустрэчы прынялі ўдзел Апостальскі нунцый у Расійскай Федэрацыі архіепіскап Чэлесціна Мільёрэ, адказны супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыята Святога Прастола монсіньёр Вісвальдас Кулбокас, першы сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Расіі монсіньёр Эрвін Ленгель.

З боку Маскоўскага Патрыярхату ў сустрэчы ўдзельнічалі старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, намеснік старшыні АЗЦС архімандрыт Філарэт (Булякоў), сакратар АЗЦС па міжхрысціянскіх адносінах іераманах Сцяфан (Ігумнаў), супрацоўнік АЗЦС свяшчэннік Аляксій Дзікараў.

Вітаючы высокага госця, Свяцейшы Патрыярх Кірыл падкрэсліў, што першы афіцыйны візіт Дзяржаўнага сакратара Ватыкана ў Расію сведчыць аб «развіцці адносін паміж Расійскай Федэрацыяй і Святым Прастолам».

«Але з яшчэ вялікім задавальненнем я адзначаю развіццё нашых міжцаркоўных адносін», ― сказаў Свяцейшы Уладыка, адзначыўшы, што значны імпульс узаемадзеянню паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Святым Прастолам дала сустрэча Яго Свяцейшасці з Папам Рымскім Францыскам у Гаване. «Гэты факт сведчыць аб тым, што сапраўды пачаўся новы этап у развіцці нашых адносін, напоўнены вельмі важнымі падзеямі. Гэта стала магчымым, таму што ў Гаване мы ўзгаднілі пазіцыі па многіх праблемах сучаснасці. І агульнасць пазіцый дае нам магчымасць будаваць адпаведныя планы і напаўняць іх рэальным зместам».

Самай значнай з усіх наступных падзей Свяцейшы Патрыярх Кірыл назваў прынясенне мошчаў свяціцеля Мікалая Цудатворца з Італіі ў Расію. «Ніколі яшчэ за такі параўнальна кароткі прамежак часу, за два месяцы, столькі вернікаў не дакраналася да святыні, як гэта было ў выпадку з мошчамі свяціцеля Мікалая», ― канстатаваў Свяцейшы Уладыка. Па словах Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы, вельмі многія скептыкі былі ўзрушаны тым, што адбылося, бо людзі, якія жывуць у XXI стагоддзі, рознага сацыяльнага становішча ― ад Прэзідэнта да самых простых рабочых ― стаялі ў чарзе па 6, 8, 10 гадзін, каб дакрануцца да святыні.

За час знаходжання мошчаў Мікалая Цудатворца ў Расіі, з 21 мая па 28 ліпеня святыні пакланіліся больш за 2,3 мільёна чалавек, паведаміў Свяцейшы Уладыка, адзначыўшы значную дапамогу добраахвотнікаў, якую тыя аказалі ў працы з людзьмі. Па словах Яго Свяцейшасці, ні для каго з іх гэта падзея не прайшла міма, «яна закранула і розум, і сэрца».

«Калі мы праводзілі мошчы свяціцеля Мікалая ў Санкт-Пецярбургу, звяртаючыся да людзей, я сказаў, што ні царкоўная, ні свецкая дыпламатыя не здольныя зрабіць столькі для развіцця адносін паміж каталіцкім і праваслаўным светам, колькі зрабіў свяціцель Мікалай, ― сказаў Патрыярх Кірыл. ― Мы сталі сведкамі жывой традыцыі першага тысячагоддзя. Агульная святыня Усходу і Захаду ― не якая-небудзь археалагічная святыня, а рэальная святыня, якая прыцягвае тысячы і тысячы людзей. Таму, вядома, гэта падзея цаокам унікальная. Яна ўвайшла ў гісторыю адносін паміж нашымі Цэрквамі як вельмі яркая і светлая старонка. Гэта сапраўдныя духоўныя вінікі сустрэчы ў Гаване».

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы таксама падкрэсліў, што ў ходзе гаванскай сустрэчы ўдалося ўзгадніць пазіцыі па сітуацыі на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы па пытанні ганенняў на хрысціян, якія існуюць у сучасным свеце. «Наша Царква прымае актыўны ўдзел у гуманітарнай дапамозе пакутным ад канфлікту ў Сірыі і іншых краінах Блізкага Усходу. У гэтай працы вельмі важна абапірацца на больш шырокую падтрымку ўсёй хрысціянскай супольнасці», ― адзначыў Яго Свяцейшасць, заявіўшы, што «ўзаемаадносіны Праваслаўнай Царквы з Рымска-Каталіцкай Царквой у плане аказання гуманітарнай дапамогі на Блізкім Усходзе былі б вельмі важным фактарам».

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы нагадаў, што неўзабаве пасля сустрэчы ў Гаване ў красавіку 2016 года сумесная рабочая група прадстаўнікоў Рускай Праваслаўнай Царквы і Рымска-Каталіцкай Царквы наведала Ліван і Сірыю. «Я думаю, што, развіваючы супрацоўніцтва ў гэтай галіне, мы можам паспрабаваць распрацаваць аснову для сумесных праектаў, звязаных з падтрымкай тых, хто пакутуе ад трагічных ваенных падзей на Блізкім Усходзе», ― падкрэсліў Патрыярх Кірыл. Паводле яго слоў, у Расіі намецілася магчымасць ажыццяўляць сумесную работу па аказанні дапамогі насельніцтву Сірыі дзякуючы Рабочай групе, створанай у 2017 годзе Саветам па ўзаемадзеянню з рэлігійнымі аб'яднаннямі пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.

У ходзе сустрэчы Патрыярх Кірыл і Дзяржаўны сакратар Святога Прастола кардынал П. Паралін таксама абмеркавалі сітуацыю на Украіне. Па словах Яго Свяцейшасці, Царква павінна стаць фактарам прымірэння, а не ўцягвацца ў канфлікт: «Царква не можа гуляць ніякай ролі, акрамя міратворчай, калі людзі знаходзяцца ў канфлікце адзін з адным». Свяцейшы Патрыярх падкрэсліў, што гэта прынцыповая пазіцыя Царквы, якая ажыццяўляецца Украінскай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага Патрыярхату ў сучаснай Украіне. «Вельмі многія людзі з велізарнай удзячнасцю ставяцца менавіта да міратворчай пазіцыі Царквы. Мы з задавальненнем адзначаем блізкасць пазіцый нашых Цэркваў па пытанні аб ролі Царквы ў канфлікце на Украіне», ― канстатаваў Свяцейшы Уладыка.

Дзяржсакратар Ватыкана кардынал П. Паралін перадаў Прадстаяцелю Рускай Праваслаўнай Царквы прывітанне ад Папы Францыска і выказаў надзею на далейшае развіццё адносін паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Рыма-Каталіцкай Царквой.

«Мы бачым, што сустрэча ў Гаване, як Вы ўжо згадалі, паклала пачатак новаму этапу адносін паміж нашымі Цэрквамі, дала новы імпульс нашым сувязям», ― сказаў П. Паралін, падкрэсліўшы, што прынясенне мошчаў свяціцеля Мікалая ў Расію, аб якім Свяцейшы Патрыярх Кірыл і Папа Рымскі Францыск дамовіліся па выніках гістарычнай сустрэчы ў Гаване ў лютым 2016 года, аказала вялікі ўплыў на адносіны паміж дзвюма Цэрквамі. «Гэты аспект паскарае наш рух наперад у адносінах, ― адзначыў прадстаўнік Святога Прастола. ― Я быў вельмі рады бачыць, якое значэнне мела гэта падзея і як яна было прынята Рускай Праваслаўнай Царквой. І я рады яе вынікам. Можна сказаць, што адзін з вынікаў прыбыцця мошчаў ― гэта новая атмасфера, якая дапамагае нам мець зносіны і рухацца наперад».

Кардынал Паралін адзначыў салідарнасць пазіцый Ватыкана і Рускай Праваслаўнай Царквы па тэме Блізкага Усходу, падкрэсліўшы, што бядотнае становішча там хрысціян і іншых рэлігійных меншасцяў павінна абудзіць сумленне ўсёй сусветнай супольнасці, а Цэрквы павінны ўносіць свой уклад у паляпшэнне гуманітарнай сітуацыі.

Гаворачы аб сітуацыі на Украіне, прадстаўнік Святога Прастола пагадзіўся, што мясцовыя Цэрквы павінны захоўваць і рэалізоўваць свой міратворчы патэнцыял, усяляк садзейнічаючы аднаўленню міру і грамадзянскай згоды ў краіне.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by