Навучэнцам Мінскай духоўнай семінарыі прадставілі новага выконваючага абавязкі рэктара
20 ліпеня 202017 ліпеня 2020 года ў актавай зале Мінскай духоўнай семінарыі адбылося прадстаўленне выконваючага абавязкі рэктара навучальнай установы — дацэнта Аляксандра Валер'евіча Слесарава.
Падчас сустрэчы са студэнтамі, якія знаходзяцца ў семінарыі ў перыяд першай змены летніх канікул, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый паведаміў прысутным аб спыненні сваёй дзейнасці на пасадзе рэктара і назначэнні выконваючым абавязкі кіраўніка навучальнай установы прарэктара па навуковай рабоце Аляксандра Слесарава.
У сваім прывітальным слове в. а. рэктара выказаў глыбокую падзяку архіепіскапу Гурыю за добрае і бацькоўскае стаўленне, якое праяўлялася на працягу ўсяго часу працы Аляксандра Валер'евіча на пасадзе прарэктара. Паінфармаваўшы студэнтаў аб прызначэнні архіепіскапа Гурыя ганаровым папячыцелем Мінскай духоўнай семінарыі Аляксандр Слесараў выказаў упэўненасць у тым, што і ў далейшым навучальная ўстанова працягне адчуваць увагу і клопат з боку ўладыкі.
Звяртаючыся да студэнтаў, в. а. рэктара падкрэсліў сваю глыбокую павагу да іх выбару, звязанага з жаданнем прысвяціць жыццё служэнню Царкве Хрыстовай і атрымаць духоўную адукацыю. Затым ён распавёў пра няпросты шлях станаўлення Мінскай духоўнай семінарыі і выказаў гатоўнасць садзейнічаць далейшаму развіццю навучальнай установы.
Завяршаючы прывітальнае слова, Аляксандр Слесараў заявіў пра сваё жаданне прыкласці ўсе намаганні для таго, каб Мінская духоўная семінарыя стала для будучых праваслаўных святароў другім домам. На думку новага кіраўніка навучальнай установы, у семінарыі студэнты павінны сустрэць бацькоўскае стаўленне выкладчыкаў і атрымаць якасную багаслоўскую адукацыю, укаранёную ў традыцыях праваслаўнай веры і набожнасці.