Удзельнікі акцыі «Дары вешчуноў» у Спаскім жаночым манастыры Кобрына сабралі для падапечных больш за 350 падарункавых набораў
22 студзеня 2021Каляды — добры час для таго, каб прынесці радасць Ражджаства Хрыстова ў дамы нямоглых і адзінокіх, маламаёмасных і састарэлых. Менавіта гэтым кіраваліся ўдзельнікі акцыі «Дары вешчуноў», якая была арганізавана ў Спаскім жаночым манастыры горада Кобрына.
Напярэдадні Ражджаства Хрыстова сярод жыхароў Кобрына і ваколіц было абвешчана аб зборы падарункаў для маламаёмасных людзей. На заклік адгукнуліся многія неабыякавыя людзі.
Акцыя праводзілася ў сціслыя тэрміны, таму арганізатары не разлічвалі сабраць вялікую колькасць ахвяраванняў. Але вынік перасягнуў усе чаканні. «Людзі з прысмакамі і садавінай ішлі ў манастыр бясконцай чарадой. Акцыя атрымалася агульнагарадской» — адзначаюць у абіцелі.
На Святках сёстры міласэрнасці Спаскага манастыра ўручылі падарункі адрасатам. Наборы з цукеркамі, кандытарскімі вырабамі, садавінай і іншымі таварамі атрымалі 45 дзяцей з 17 сем'яў, 4 дзіцяці з прытулку, 19 чалавек, якія знаходзяцца ў бальніцы на сацыяльных ложках, а таксама 300 жыхароў Кобрынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.