Памёр адзін з найстарэйшых клірыкаў Навагрудскай епархіі протаіерэй Віктар Бакавец

26 кастрычніка 2021

top.jpg

З прычыны каронавіруснай інфекцыі на 84-м годзе жыцця памёр настаяцель Спаса-Праабражэнскага кафедральнага сабора горада Слоніма мітрафорны протаіерэй Віктар Бакавец.

Спаса-Праабражэнскі сабор падчас вайны моцна пацярпеў, а ў 1963 годзе быў разбураны дашчэнту — узарваны багаборцамі. Ад велічнага будынка застаўся толькі падмурак.

Па благаславенню і пры дапамозе правячага архіерэя, прыхаджан і неабыякавых людзей айцец Віктар шмат папрацаваў над узнаўленнем гэтага самага вялікага праваслаўнага храма Гродзеншчыны і трэцяга па велічыні ў Беларусі, а таксама будаваў Дом міласэрнасці для адзінокіх пажылых людзей.

Да апошніх гадоў служэння айца Віктара за духоўнай дапамогай у Спаса-Праабражэнскі сабор сцякаліся мноства прыхаджан. Сваёй добрай малітвай многіх ён вярнуў да жыцця, наставіў на шлях спасення.

У памяці тых, хто ведаў яго, протаіерэй Віктар Бакавец застанецца простым і незласлівым, спагадным і сапраўды набожным — добрым пастырам, сэнсам жыцця якога было служэнне Богу і блізкім.

Гасподзь няхай упакоіць у селішчах праведных душу вернага Свайго служыцеля — новаспачылага протаіерэя Віктара!

Навагрудская епархія/Сhurch.by