Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў сустрэўся з кіруючым архіерэем і духавенствам Слуцка-Салігорскай епархіі

25 красавіка 2021

top.jpg

22 красавіка 2021 года Слуцк з рабочым візітам наведаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.

Важным пунктам візіту стала наведванне ДУА «Сярэдняя школа № 6 горада Слуцка», дзе знаходзіцца абласны рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні. Тут у рамках рэалізацыі праекта «ШАГ» («Школа актыўнага грамадзяніна») адбыўся адкрыты дыялог з навучэнцамі 9-11 класаў, дзе Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў расказаў школьнікам аб канфесійным і нацыянальным складзе беларускага грамадства, адказаў на пытанні падлеткаў, азнаёміўся з дзейнасцю рэсурснага цэнтра.

У актавай зале Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі Аляксандр Румак сустрэўся з прадстаўнікамі ўсіх канфесій горада Слуцка і Слуцкага раёна.

Праваслаўнае духавенства прадставілі благачынны Слуцкай царкоўнай акругі протаіерэй Ігар Штэпа і настаяцелі прыходаў. Удзел у сходзе таксама прыняла намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Наталля Чарнушэвіч.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў абмеркаваў з прысутнымі пытанні жыццядзейнасці рэлігійных абшчын і захавання міжканфесійнага міру і згоды, станоўча адзначыўшы добрасуседскія адносіны паміж вернікамі розных канфесій у рэгіёне.

У Слуцкім епархіяльным упраўленні адбылася сустрэча высокага госця з епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем. Яго Праасвяшчэнства пазнаёміў Аляксандра Румака з супрацоўнікамі ўпраўлення, распавёў аб працы епархіяльных аддзелаў і камісій, а таксама дабрачынных, сацыяльных і асветніцкіх праектах, якія ажыццяўляе епархія.

Епіскап Антоній і Аляксандр Румак наведалі Міхайлаўскі кафедральны сабор — помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, адзіны храм, які застаўся ў спадчыну гораду ад дарэвалюцыйных часоў.

Затым архіпастыр і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў наведалі асвячаны ў 2019 годзе храм прападобнага Паісія Святагорца — самы вялікі на сёння праваслаўны храм Слуцка. Уладыка Антоній паказаў высокаму госцю закладзены да 75-годдзя Перамогі мемарыяльны сквер «Сэрца Бацькаўшчыны» і месца будучай устаноўкі помніка першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Філарэту, а таксама распавёў аб будаўніцтве парафіяльнага дома імя мітрапаліта Філарэта. Чакаецца, што ў гэтым будынку будуць праводзіцца курсы краязнаўства і гісторыі Беларусі для моладзі, а таксама размесціцца музей, у лік экспанатаў якога ўвойдуць абразы са страчаных храмаў Слуцкага краю. Сэрцам парафіяльнага дома стане храм у імя Святой Жыццепачатнай Тройцы (у памяць аб Слуцкім Свята-Троіцкім мужчынскім манастыры, які ў часы Рэчы Паспалітай быў апорай Праваслаўя, а ў багаборчыя гады ХХ стагоддзя быў гвалтоўна зачынены і знішчаны). Адкрыццё дома і ўстаноўка помніка запланавана на 2022 год.

Размова праходзіла ў канструктыўным добразычлівым рэчышчы. Епіскап Антоній пажадаў Аляксандру Румаку моцы сіл для далейшай працы і дапамогі Божай у служэнні Айчыне.

Слуцкая епархія/Church.by